Аляксей Дудараў,
нарадзіўся 06.06.1950 г. у вёсцы Кляны Дубровенскага
раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1968 г. скончыў
Наваполацкую прафесійна-тэхнічную навучальню
нафтавікоў. Працаваў слесарам на Полацкім
нафтаперапрацоўчым заводзе. Служыў у Савецкай
Арміі (1968-1970), зноў працаваў на
нафтаперапрацоўчым заводзе (1970-1972). У 1976 г.
скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут.
Быў акцёрам, загадчыкам літаратурнай часткі
Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага
гледача (1976-1979). У 1979-1983 гг. сябра
сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі «Тэлефільма»
(Менск). Сакратар Саюза тэатральных дзеячаў БССР
(з 1987). Сябра Беларускага ПЭН-цэнтра з 1989 г. Сябра
СП СССР з 1979 г.
Узнагароджаны ордэнам
«Знак Пашаны» і медалём.
У друку выступае з 1973 г.
Выдаў зборнік апавяданняў «Святая птушка» (1979),
казку для дзяцей «Сінявочка» (1981). Найбольш
вядомы як драматург і кінадраматург. Па яго
сцэнарыях пастаўлены кароткаметражныя фільмы
«Кола» (1977), «Дэбют» (1978), «Буслянё» (1980) і
мастацкія - «Суседзі» (1979), «Купальская ноч» (1982),
«Белыя росы» (1984), «Восеньскія сны» (1986). Аўтар п'ес
«Выбар» (пастаўлена ў 1979), «Парог» (пастаўлена ў
1981), «Апошні ўзлёт» (пастаўлена ў 1982), «Вечар»
(пастаўлена ў 1983), «Радавыя» (пастаўлена ў 1984),
«Злом» (пастаўлена ў 1988), «Вежа» (з У.Някляевым,
пастаўлена ў 1990). Інсцэніраваў раманы
М.Астроўскага «Як гартавалася сталь» (пастаўлена
ў 1980) і М.Булгакава «Майстар і Маргарыта»
(пастаўлена ў 1987). У 1987 г. выйшаў зборнік п'ес
«Дыялог».
Лаўрэат прэмій Ленінскага
камсамола Беларусі (1982) за зборнік апавяданняў
«Святая птушка» і п'есу «Выбар», Ленінскага
камсамола (1984) за творы апошніх год, Дзяржаўнай
прэміі СССР (1985) за спектакль «Радавыя». |