Бураўкін Генадзь,
нарадзіўся 28.08.1936 г. у вёсцы Шуляціна Расонскага
раёна Віцебскай вобласці ў сям'і служачага.
У 1959 г. скончыў аддзяленне
журналістыкі філалагічнага факультэта
Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў
стыльрэдактарам часопіса «Коммунист
Белоруссии», старшым рэдактарам на Беларускім
радыё, загадчыкам аддзела літаратуры, намеснікам
галоўнага рэдактара газеты «Літаратура і
мастацтва». У 1968-1972 гг. - карэспандэнт «Правды» па
Беларускай ССР, у 1972-1978 гг. - галоўны рэдактар
часопіса «Маладосць». З 1978 г. - старшыня
Дзяржаўнага камітэта Беларускай ССР па
тэлебачанні і радыёвяшчанні. З 1990 г. - пастаянны
прадстаўнік Беларускай ССР пры ААН. У складзе
дэлегацыі БССР у 1976 г. удзельнічаў у рабоце XXXI
сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Выбіраўся
дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1980-1990). Сябра
Беларускага ПЭН-цэнтра з 1989 г. Сябра СП СССР з 1961
г.
Узнагароджаны ордэнамі
Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў,
медалямі.
Першыя вершы надрукаваў у
1952 г. Аўтар зборнікаў паэзіі «Майская просінь»
(1960), «З любоўю і нянавісцю зямною» (1963), «Дыханне»
(1966), «Выбраныя вершы» (1969), «Жніво» (1971), «Выток»
(1974), «Вершы пяці кніг» (1976), «Варта вернасці» (1978),
«Пяшчота» (1985), «Гняздо для птушкі радасці» (1986), а
таксама кніжак для дзяцей «Тры казкі пра Зая»
(1974), «Сінія арэлі» (1987). У 1986 г. выйшлі Выбраныя
творы ў 2 тамах.
Напісаў кнігу прозы «Тры
старонкі з легенды» (1971).
Адзін з аўтараў (з
У.Халіпам, Ф.Коневым) сцэнарыя двухсерыйнага
фільма «Полымя» (1974), аўтар сцэнарыяў
дакументальных фільмаў «Апаленая памяць» (1975) і
«Падарожжа па Беларусі» (1976).
Перакладае з расейскай,
украінскай, малдаўскай, балгарскай і іншых моў.
Пераклаў на беларускую мову камедыю А.Хмеліка
«Пузыркі» (пастаўлена ў 1966). У яго перакладзе
асобным выданнем выйшла кніжка паэзіі Б.Алейніка
«Заклінанне агню» (1979).
Многія вершы пакладзены
беларускімі кампазітарамі на музыку.
Лаўрэат прэміі Ленінскага
камсамола Беларусі (1972) за высокі мастацкі
ўзровень вершаў і адлюстраванне ў іх моладзевай
тэматыкі і Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі
Купалы (1980) за кнігу вершаў «Варта вернасці». |