Янка Купала (сапр.
Луцэвіч Іван), нарадзіўся 07.07.1882 г. у фальварку
Вязынка Вілейскага павета (цяпер Маладэчанскі
раён Менскай вобласці) у сям'і арандатара.
У 1898 г. скончыў Беларуцкую
народную навучальню. Пасля смерці бацькі (1902) год
працаваў на гаспадарцы, потым - хатні настаўнік,
пісар у судовага следчага ў Радашковічах (1903),
малодшы прыказчык у памешчыка ў Сенненскім
павеце Магілеўскай губерні (1904), практыкант і
памочнік вінакура ў маёнтку Сёмкава пад Менскам,
на бровары ў Яхімоўшчыне на Маладэчаншчыне, у
маёнтку Дольны Сноў Наваградскага павета (1905-1908),
супрацоўнік «Нашай нівы» і адначасова
бібліятэкар бібліятэкі «Веды» Б.Л.Даніловіча
(Вільня, 1908-1909). У 1909-1913 гг. вучыўся на
агульнаадукацыйных курсах А.С.Чарняева ў
Пецярбургу. З кастрычніка 1913 г. зноў у Вільні,
супрацоўнік «Беларускага выдавецкага
таварыства», рэдактар «Нашай нівы» (1914-1915). У
верасні 1915 г. выехаў у Маскву, дзе вучыўся ў
Народным універсітэце. У студзені 1916 г. прызваны
ў армію. Служыў у дарожна-будаўнічым атрадзе
Варшаўскай акругі шляхоў зносін у Менску,
Полацку, а таксама ў Смаленску, дзе сустрэў
Кастрычніцкую рэвалюцыю. У 1919 г. пераехаў у Менск,
дзе і жыў да пачатку Вялікай Айчыннай вайны.
Удзельнічаў у стварэнні нацыянальнага тэатра,
Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Акадэміі
навук БССР, у разгортванні выдавецкай справы. У
гады Вялікай Айчыннай вайны жыў у Маскве, у
пасёлку Пячышчы каля Казані. Абіраўся кандыдатам
у сябры ЦВК БССР (1927-1929), сябрам ЦВК БССР (1929-1931,
1935-1938), дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (з 1940 г.).
Акадэмік АН БССР, АН УССР. Сябра СП СССР з 1934 г.
Народны паэт БССР (1925). Узнагароджаны ордэнам
Леніна. Трагічна загінуў 28.06.1942 г. у Маскве. Урна з
прахам перавезена ў Менск у 1962 г.
Пісаць пачаў на польскай
мове. Першы вядомы беларускі верш «Мая доля»
датаваны 1904 г. Першы надрукаваны верш на
беларускай мове - «Мужык» (15 траўня 1905 г. у менскай
газеце «Северо-Западный край»). У 1908 г.
пецярбургскае выдавецтва «Загляне сонца і ў наша
ваконца» выпусціла першы зборнік паэта
«Жалейка» (факсімільнае выданне ў 1982), у 1913 г. -
зборнік «Шляхам жыцця». Зборнік вершаў «Гусляр»
(1910) выдадзены ў Пецярбургу А.Грыневічам. У
савецкі час выйшлі кнігі паэзіі «Спадчына» (1922),
«Безназоўнае» (1925), «Апавяданні вершам» (у 2
кнігах, 1926), паэмы «Магіла льва» (1927), «Над ракою
Арэсай» (1933), «Курган» (1987), зборнікі «Адцвітанне»
(1930), «Песня будаўніцтву» (1936), «Беларусі
ардэнаноснай» (1937), «Ад сэрца» (1940), «Беларускім
партызанам» (вершы і артыкулы, Масква, 1942), кнігі
выбраных вершаў, паэм (1930, 1935, 1936, 1946, 1947, 1948, 1952, 1958,
1967, 1970, 1972 - малафарматнае выданне, 1978, 1980, 1981, 1982 (4
выданні), 1987, 1988 (3 выданні), 1989 (2 выданні) і Зборы
твораў у 6-ці (1925-1932), 3-х (1928-1932), 6-ці (1951-1954, 1961-1963),
7-мі (1972-1976) тамах. Многія вершы пакладзены на
музыку. Для дзяцей неаднаразова выдаваліся вершы
«Хлопчык і лётчык», «Алеся» і інш.
Аўтар драматычных паэм
«Адвечная песня» (Пецярбург, 1910, пастаўлена ў 1921)
і «Сон на кургане» (Пецярбург, 1912, пастаўлена ў
1928), п'есы «Паўлінка» (Пецярбург, 1913, пастаўлена ў
1913, у 1952 па спектаклю тэатра імя Я.Купалы створаны
аднайменны кінафільм, у 1973 г. - аперэта),
драматычнай паэмы «На папасе» (1913, ставілася
самадзейнасцю), драмы «Раскіданае гняздо»
(Вільня, 1919, пастаўлена ў 1917, аднайменны кінафільм
- у 1982), сцэнічнага жарту «Прымакі» (1920, ставіўся
самадзейнасцю ў 20-я гады, у тэатры пастаўлены ў
1936), п'есы «Тутэйшыя» (1924, пастаўлена ў 1926),
драматычнага абразка «На Куццю» (Вільня, 1928,
ставіўся ў самадзейных гуртках). У 1989 г. выйшлі
«Паэмы. Драматычныя творы» (уключаны
трагікамедыя «Тутэйшыя», паэмы «Калека», «На
Куццю» і іншыя творы, якія доўгі час былі
забаронены).
Выступаў як публіцыст і
літаратурны крытык. У 1972 г. выйшла кніга
«Публіцыстыка».
Пераклаў на беларускую
мову «Слова аб палку Ігаравым» (прозай і вершам),
міжнародны пралетарскі гімн «Інтэрнацыянал»,
польскі тэкст у п'есах В.Дуніна-Марцінкевіча
«Ідылія» і «Залёты», лібрэта оперы «Галька»
С.Манюшкі, паэму А.Пушкіна «Медны коннік», шэраг
вершаў і паэм Т.Шаўчэнкі, асобныя творы
М.Някрасава, І.Крылова, А.Кальцова, А.Міцкевіча,
У.Сыракомлі, М.Канапніцкай, Ю.Крашэўскага,
У.Бранеўскага, Е.Жулаўскага, П.Панча і інш.
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі
СССР (1941) за зборнік «Ад сэрца». |