Алесь Асташонак, нарадзіўся
01.06.1954 г. у Менску ў сям'і рабочых.
Скончыў перакладчыцкі
факультэт Менскага дзяржаўнага педагагічнага
інстытута замежных моў (1976). Працаваў
перакладчыкам на будоўлі металургічнага
камбіната ў пасёлку Эль-Хаджар (Алжыр). У 1978-1979 гг.
служыў у Савецкай Арміі, у 1980-1981 гг. - інспектар
дэканата па працы з замежнымі навучэнцамі і
выкладчык французскай мовы Беларускага
політэхнічнага інстытута, у 1981-1982 гг. - выхавацель
у тэхнічнай навучальні будаўнікоў № 31, у 1982-1984 гг.
- рэдактар рэпертуарна-рэдакцыйнай калегіі
Ўпраўлення тэатраў і музычных устаноў
Міністэрства культуры БССР, у 1984-1986 гг. - рэдактар
у Беларускай Савецкай Энцыклапедыі імя П.Броўкі.
З 1988 г. - старшы рэдактар часопіса «Крыніца»
(«Родник»). Сябра СП СССР з 1986 г.
Друкавацца пачаў у 1981 г.
Аўтар кнігі прозы «Фарбы душы» (1989), п'ес «Іскры
ўначы» (пастаўлена ў 1982, апублікавана ў 1986),
«Камедыянт, ці Ўзнёсласць сумнай надзеі»
(пастаўлена ў 1984, апублікавана ў 1985), сцэнарыяў
тэлевізійных мастацкіх фільмаў «Камедыянт» (1987),
«Сон» (кароткаметражны паводле ўласнага
апавядання «Чарга», 1989; прыз Саюза
кінематаграфістаў СССР на XIII Усесаюзным
фестывалі тэлевізійных фільмаў, 1989; першае месца
ў конкурсе ў рамках Тыдня міжнароднага кіно ў
Тэруэлі, 1989, Гішпанія).
Перакладае з французскай,
ангельскай, летувіскай моў. Пераклаў раманы
«Порт туманаў» Ж.Сіменона («Сучасны замежны
дэтэктыў», 1988), «Планета малпаў» П.Буля («Сучасная
замежная фантастыка», 1990), п'есы «Улюбёнец
публікі» С.Палякова (пастаўлена ў 1985), «Жаночы
стол у паляўнічай зале» В.Мярэжкі (пастаўлена ў
1988), «Матылёчак, матылёчак...» А.Нікалаі
(пастаўлена ў 1988), аповесць Веркора «Маўчанне
мора» («Далягляды», 1987), аповесці Ж.Сіменона «Пад
страхам смерці» (часопіс «Беларусь», 1988),
«Дзяўчына і бясхвостыя парсючкі» («Далягляды»,
1989) і іншыя творы замежных пісьменнікаў. Сумесна
з В.Грыгалюнасам пераклаў з летувіскай мовы
асобныя апавяданні Б.Радзявічуса, М.Слуцкіса,
С.Шальцяніса. |