Ларыса
Геніюш, нарадзілася 09.08.1910 г. у маёнтку
Жлобаўцы Ваўпянскай воласці Гарадзенскага
павета (цяпер Ваўкавыскі раён Гарадзенскай
вобласці) у сялянскай сям'і.
Ратуючыся ад першай
сусветнай вайны, бацькі разам з дачкою пакінулі
родныя мясціны. Вярнуліся дадому ў 1919 г. Скончыла
Ваўкавыскую польскую гімназію (1928). У 1937 г.
выехала ў Прагу, дзе жыў і вучыўся ва
ўніверсітэце яе муж І.Геніюш. Уключылася ў жыццё
беларускай эміграцыі, у дзейнасць урада БНР
(нейкі час была яго сакратаром). У час нямецкай
акупацыі друкавалася ў газетах «Раніца»,
«Беларускі работнік», у часопісе «Новы шлях» і
інш. У 1948 г. арыштавана і перавезена ў Менск.
Судовай калегіяй па крымінальных справах
Вярхоўнага суда БССР асуджана на 25 гадоў
зняволення ў папраўча-працоўных лагерах. Камісія
Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 30.05.1956 г.
абвінавачванне прызнала абгрунтаваным, але
тэрмін пакарання быў зменшаны да 8 гадоў.
Пераехала ў пасёлак Зэльву, што на Гарадзеншчыне,
дзе жыла, не прыняўшы савецкага падданства. У
беларускім савецкім друку выступала з 1963 г.
Памерла 07.04.1983 г.
Дэбютавала ў друку вершамі
ў 1939 г. Першы зборнік паэзіі «Ад родных ніў»
апублікаваны ў Празе ў 1942 г. Выйшлі зборнікі
паэзіі «Невадам з Нёмана» (вершы і паэма, 1967), «На
чабары настоена» (1982), «Белы сон» (1990), паэтычныя
кніжкі для дзяцей «Казкі для Міхаські» (1972) і
«Добрай раніцы, Алесь!» (1976). У часопісе
«Спадчына» надрукавана паэма «Маёй бабусі» (1989),
у часопісе «Маладосць» - аповесць «Споведзь» (1990).
|