Яе так мусіць ашчаджаць і
сёння
адважны, годны, родны чалавек;
усюды пад спрадвечнаю "Пагоняй"
і наша ніва й песня ажыве.
А. Русецкі
У 1913 годзе Максім Багдановіч напісаў
верш, якому было наканавана стаць патрыятычным
гімнам нашай Бацькаўшчыны. Ён прысвечаны сімвалу
адзінства нашай нацыі — старажытнаму гербу "Пагоня".
У ім на лаканічнай мове геральдыкі адлюстравана
ўся слаўная і мужная гісторыя беларускага народа.
Упершыню пра гэты герб паведамляецца ў беларуска-літоўскім
летапісе каля 1270 года. Старажытны славянскі
сімвал, які першапачаткова ўзнік як княжацкі і
гарадскі ў Наваградку, хутка стаў гербам
Вялікага княства Літоўскага. Вось як хораша піша
пра гэта М. Багдановіч:
Ў белай пене праносяцца коні, —
Рвуцца, мкнуцца і цяжка хрыпяць...
Старадаўняй Літоўскай Пагоні
Не разбіць, не спыніць, не стрымаць.
Пагоня невыпадкова набыла для нас,
беларусаў, выключнае значэнне: на нашу зямлю
часта прыходзілі нязваныя госці, несучы ёй ярмо і
разбурэнне, сеючы смерць. Таму яшчэ з часоў
Усяслава Чарадзея існаваў такі звычай: пасля
нападу ворагаў на паселішча ўсе мужчыны, што
маглі трымаць зброю, павінны былі дагнаць ворага
і паквітацца з ім за забітых супляменнікаў. Гэты
звычай і меў назву пагоні. Штуршком, які натхніў
паэта на напісанне твора, паслужыла выява "Пагоні",
змешчаная на Вострай Браме ў Вільні:
Толькі ў сэрцы трывожным пачую
За краіну радзімую жах, —
Ўспомню Вострую Браму святую
І ваякаў на грозных канях.
Коннікі імчацца з сівой даўніны на
дапамогу сённяшняму беларусу, на барацьбу са
здраднікамі, адшчапенцамі, з тымі, хто выракаецца
сваёй Айчыны, цураецца роднай мовы: "Бійце ў
сэрцы іх — бійце мячамі, Не давайце чужынцамі
быць!" — заклікае паэт вершнікаў. Сам вобраз
узброенага конніка ўвасабляе нашых мужных і
гераічных продкаў, якія крывёю і жыццём
заплацілі за свабоду Радзімы. Некалькі дзесяткаў
харугваў мелі на сваіх штандартах герб пагоні ў
Грунвальдскай бітве, з пагоняй змагаліся яны
супраць Маскоўскай арміі ў 1514 г. пад Оршай,
сімвалам нацыянальна-вызваленчай барацьбы стала
яна ў час паўстання 1863—64 гг. Заклікаючы да помсты
адрачэнцам, паэт усё ж не выключае для іх
магчымасці даравання. Але яго можна купіць
толькі коштам уласнага жыцця. Лепш памерці за
сваю Айчыну, чым быць яе ворагам — такая думка
закладзена ў падтэкст наступных слоў, звернутых
да Радзімы:
Ты прабач.Ты прымі свайго сына,
За Цябе яму ўмерці дазволь!..
У заключных радках свайго верша М.
Багдановіч выказвае цвёрдую веру ў
непераможнасць нацыянальнага духу, у светлую
будучыню свайго народа:
Старадаўняй Літоўскай Пагоні
Не разбіць, не спыніць, не стрымаць.
Так, у невялікім вершы паэт акумуляваў
усё мінулае нашага народа, паказаў, якім шляхам
павінна ісці Беларусь да сваёй светлай будучыні.
Гэты твор нібы злучае ўсе мінулыя эпохі з нашым
сённяшнім днём. Ён заклікае нас быць вернымі
сынамі і дочкамі свайго народа, гнаць ворагаў
прэч з роднай зямлі і ашчадна захоўваць тую
спадчыну, якую пакінулі нам прашчуры і якую
павінны мы перадаць сваім нашчадкам. |