У горане часу
неспапялiмыя
Над Беларуссю яго жаўрукi.
З.Дудзiк
У лiтаратуры кожнага народа есць мастакi
слова, у спадчыну ад якiх нам засталося не так i
шмат. У беларусаў — Паўлюк Багрым. Цяжкiм i
няпростым быў лёс гэтага юнака: гаротнае жыццё
беднага сялянскага хлопца, рэкрутчына за
распаўсюджанне антыпрыгоннiцкiх вершаў,
працяглая служба ў глыбiнi Расii. Але, нягледзячы
на цяжкiя выпрабаваннi лёсу, ён заставаўся
мастаком слова — уладаром чалавечых душ. У
творчай спадчыне П. Багрыма было тры вучнёўскiя
сшыткi, якiя бясследна знiклi пры арышце юнага
паэта. Напэўна, гэта былi вершы пра цяжкую долю
беларускага народа, вершы антыпрыгоннiцкай накiраванасцi.
А можа, гэта былi вершы пра каханне, аб прыгажосцi
беларускай зямлi. Захаваўся толькi адзiн верш "Зайграй,
зайграй, хлопча малы...", напiсаны паэтам у 15-гадовым
узросце. Верш прысвечаны Крошынскаму паўстанню
1828 г. Лiрычным героем твора з'яўляецца падлетак-пастушок,
уласнасць жорсткага пана, якi "кiямi"
закатаваў бацьку. Каб пазбегнуць рэкруцтва,
хлопчык вырашае пакiнуць родны дом i пайсцi ў "свет,
у бездарожжа". Думкi i пачуццi прыгоннага
падлетка, скiраваныя ў бок пошукаў выйсця з
безвыходнага становiшча, вызначаюцца адчаем i
бездапаможнасцю. Падлетак гатовы абярнуцца ў
ваўкалаку, нарадзiцца каршуном — тады яго ў "паншчыну
б не пагналi, у рэкруты б не забралi i ў маскалi не
аддалi". Ён шкадуе, што да яго не дакрануўся сваiм
крылом кажан — тады б, па народным павер'i, ён
навекi застаўся недаросткам i пазбег бы
салдатчыны i паншчыны. Асаблiва адчайна гучаць
радкi, дзе пастушок зусiм не хацеў бы нараджацца.
Гэту думку ён звязвае з найдаражэйшым чалавекам
— мацi, якая, напэўна б, была больш шчаслiвай i
змагла пазбегнуць пакут з-за трагiчнага лёсу сына:
Каб ты мяне не радзiла.
Каб ты мяне не кармiла,
Шчаслiўшая ты бы была!
У вершы П. Багрыма, якi I. Навуменка назваў
творам "з лiку бязлiтасна-адчайных аб нежаданнi
жыць", матыў безвыходнасцi крыху паслабляецца
жаданнем героя знайсцi выйсце, супрацьстаяць
антычалавечым абставiнам жыцця, не скарыцца лёсу.
Верш кранае сiлай пратэсту супраць прыгоннiцтва i
рэкруцтва, арганiчнай спалучанасцю формы i зместу.
Цесна звязаны з фальклорнымi традыцыямi (вобразы
ваўкалака, каршуна, кажана, народна-песенныя
звароты, паўторы), ён выявiў вялiкiя магчымасцi
беларускага паэтычнага слова. Вярнуўшыся з
рэкрутаў, пастарэлы i знясiлены, П. Багрым ужо не
наважваўся брацца за пяро. Ён працаваў у Крошыне
кавалём. Да нашага часу захавалася металiчная
жырандоль з арнаментальнымi жаўранкамi, па-мастацку
зробленая П. Багрымам. Толькi два адбiткi свайго
жыцця — верш i жырандоль — пакiнуў нам у спадчыну
П. Багрым. Пакiнуў дзве жаўруковыя песнi |