Тут, здаецца, i
сканаў бы,
За свабоду жыццё б даў бы.
Ф. Багушэвiч
Ф. Багушэвiчу было добра вядома цяжкае
жыццё сялянства, якое задыхалася ад беззямелля,
цярпела нястачы. У паэме "Кепска будзе!" паэт
паказвае бесчалавечнасць царскiх чыноўнiкаў i
паноў, бясконцыя пакуты простага беларускага
мужыка. Алiндарка — галоўны герой твора — нарадзiўся
ў сакавiку, нешчаслiвым, па народных павер'ях,
месяцы. Зiмовыя запасы ўжо з'едзены, а да лета яшчэ
далёка. "Кепска будзе!" — такiмi словамi
сустракае бацька нараджэнне сына, як быццам
ведаючы наперад яго лёс:
Як я толькi нарадзiўся —
Бацька сказаў: "Кепска будзе!"
Ну дык жа ж не памылiўся:
Здзекавалiсь Бог i людзi.
I словы бацькi спраўдзiлiся. Ад самага
нараджэння хлопчыка суправаджаюць няшчасцi:
недарэчнае хрышчэнне халоднай вадой з рэчкi,
смерць бацькоў, галеча i голад. Даў прытулак сiраце
айчым, якi выхаваў Алiндарку працавiтым, чулым,
спагадлiвым чалавекам. У дваццацiгадовым узросце
хлопца западозрылi ў iмкненнi ўхiлiцца ад
рэкруцтва (ён не быў запiсаны ў метрычнай кнiзе) i кiнулi
ў астрог. Айчым, якi верыць, што "праўда гдзесьцi
не змёрла", бярэцца за цяжкую справу па
выратаваннi свайго прыёмнага сына. "Помнi...
мяне, сыну, а я хiба што загiну, а цябе вярну да вёскi".
З торбай на плячах айчым абiвае парогi судовых iнстанцый
Вiльнi i Лiды i дамагаецца свайго — вызваляе Алiндарку
з няволi. У паэме "Кепска будзе!" Ф. Багушэвiч
паказвае шлях абуджэння чалавечай годнасцi
беларускага сялянства. Людзi, якiя жылi на гэтай
зямлi без свайго iмя, пачынаюць шукаць i знаходзiць
яго, пачынаюць усведамляць сваё чалавечае "я",
сцвярджае паэт. Бяздольны, пазбаўлены чалавечых
правоў, Алiндарка не страцiў сваiх лепшых якасцей,
добрых намераў. Хлопец вырас працавiтым, кемлiвым,
з чулай душой, Жыццёвыя нягоды не зламалi героя, а,
наадварот, загартавалi яго характар. Калi асэсар
зневажае яго i б'е па твары айчыма, Алiндарка
паводзiць сябе смела i рашуча. Ён дае належны
адпор крыўдзiцелю, узяўшы яго загрудкi i пхнуўшы
лбом у дзверы. У астрозе Алiндарка сваiмi вачыма
бачыць здзекi i глумленнi з людзей, часта нi ў чым
не вiнаватых. Ён спачувае iм, жадае хутчэйшага
вызвалення. Турэмнае зняволенне, зняважлiвыя
адносiны да Алiндаркi турэмшчыкаў яшчэ больш развiлi
ў iм iмкненне да свабоды. Птушка, нагадвае герой
твора, каб не быць у няволi, б'ецца ў клетцы
галоўкай, пакуль не заб'ецца; злоўленая лiсiца
распорвае сабе чэрава, каб памерцi, а не жыць у
няволi; нават змяя-мядзянка, зачыненая ў шкляным
посудзе, будзе джалiць сябе, пакуль не загiне. I
таму свабода для Алiндаркi раўнацэнна жыццю. "Тут,
здаецца, i сканаў бы, за свабоду жыццё б даў бы!"
— усклiкае ён. Расказваючы пра цяжкi лёс Алiндаркi,
Ф. Багушэвiч паказвае невыносныя ўмовы жыцця
беларускага народа, вострую нянавiсць яго да
прыгнятальнiкаў, абуджэнне пачуцця чалавечай
годнасцi, смеласцi i свабодалюбства. Такiм людзям
будзе кепска да той пары, сцвярджае паэт, пакуль
яны не пераадолеюць сваёй патрыярхальнасцi i не
пачнуць актыўна змагацца з несправядлiвасцю i
прыгнётам. |