Вайна наклала глыбокі адбітак на
творчасць Васіля Быкава, які прыйшоў ў
літаратуру з палымяным жаданнем расказаць пра
жахі яе ад імя цэлага пакалення, ад імя тых
дзевяноста сямі працэнтаў сваіх равеснікаў, якія
загінулі, не вярнуліся з крывавых палеткаў вайны.
Галоўнай тэмай твораў В. Быкава з'яўляецца
франтавое жыццё, партызанская і падпольная
барацьба беларускага народа супраць фашысцкіх
захопнікаў. Крыху ў іншым ракурсе раскрываецца
тэма вайны ў аповесці "Знак бяды", за якую
аўтару ў 1986 г. была прысуджана Ленінская прэмія.
Вайна ў аповесці паказана праз успрыняцце яе
мірнымі жыхарамі. Героямі твора з'яўляюцца не
партызаны і падпольшчыкі, а звычайныя мірныя
жыхары, для якіх уласны хутар становіцца месцам
здзекаў і катаванняў, Галгофай. Пачынаецца
аповесць апісаннем спаленага хутара. І гэта не
проста надуманае жаданне аўтара: лёс жыхароў
хутара служыць своеасаблівым папярэджаннем для
людзей, што бяда побач, што яна толькі
прыхавалася, чакаючы свайго часу. Дзеянне
адбываецца ў першыя месяцы вайны, хаця нямала
старонак аповесці прысвечана перадваеннаму
жыццю. Праз успаміны галоўных герояў — Сцепаніды
і Петрака Багацькаў — В. Быкаў паказвае перыяд
масавай калектывізацыі на Лепельшчыне, складаны
1937 год. Сцепаніда (былая парабчанка ў пана
Адольфа Яхімоўскага) заўсёды верыла ў
справядлівасць і перамогу дабра, была пераканана,
што на чужым няшчасці сваё шчасце не пабудуеш.
Уражвае, напрыклад, той момант, калі Сцепаніда і
Пятрок, атрымаўшы дзве дзесяціны зямлі з
надзелаў пана Адольфа, правялі бяссонную ноч у
трывогах, роздумах і сумненнях, Можа, лепш
адмовіцца ад зямлі? А як жыць без яе? Калі ж браць,
то як глядзець у вочы свайму былому гаспадару?!. У
гэтых разважаннях мы бачым высакароднасць,
прыгажосць, багацце душы герояў твора. Чуйная да
чужога тора, Сцепаніда сэрцам успрымала тую
несправядлівасць, якая спадарожнічала
калектывізацыі, не прымала гвалтоўнасці, здзеку
і абразаў, якія чыніліся ў вёсцы. Таму рашуча
выступіла яна супраць раскулачвання сваіх
аднавяскоўцаў, якіх і кулакамі назваць было
цяжка. Бо ці ж кулак той, хто ўсё стварае сваім
мазалём? Таму збірала яна подпісы ў абарону
старшыні Лявона. Каб дапамагчы яго вызваленню з
турмы, адправіла нават Петрака ў Мінск да
Чарвякова. Аднак супрацьстаяць рэпрэсіўнай
машыне было немагчыма: нават той жа Чарвякоў, як
відаць з падзеяў твора, быў толькі паслухмяным
вінцікам гэтага бесчалавечнага механізма і сам
стаў яго ахвярай. Сцепаніда, якая і да вайны ўмела
пастаяць за справядлівасць, не змагла змірыцца з
новымі парадкамі, прынесенымі на нашу зямлю
гітлераўцамі. Свядома канфліктуючы з
няпрошанымі гасцямі, яна змагалася з імі
магчымымі для старой жанчыны сродкамі: схавала
газу, пазбавіўшы гэтым немцаў святла; прыхавала ў
лесе парсючка, каб той не дастаўся ворагам;
укінула ў глыбокі калодзеж вінтоўку... Пасля
арышту Петрака Сцепаніда, застаўшыся на хутары
адна, вырашае змагацца з ворагам больш дзейсна:
купіць у Карнілы за апошняга парсючка бомбу і
знішчыць узноўлены мост. Здаецца, задуманае ёю
вось-вось здзейсніцца. Але фашысцкія паслугачы
арыштавалі Карнілу і выйшлі на след Сцепаніды.
Апошняе, што яна паспявае зрабіць, — гэта
перахаваць бомбу ў іншае месца. А калі вечарам
паліцаі пачалі ламацца ў хату, Сцепаніда, выразна
ўсведамляючы свой лёс, аблівае сябе газай і
падпальвае. Задыхаючыся ў дыме і полымі, ад якога
ўжо смылелі валасы на галаве, гарэлі рукавы
ватоўкі, Сцепаніда падумала, як бы апраўдваючы
свой учынак з бомбай: "Можа, й добра, што з
бомбай яе ніхта не бачыў. Добрым людзям і не трэба,
а гэтыя хай шалеюць. Хай думаюць — дзе? І не спяць
ні ўдзень, ні ўначы — баяцца да скону".
Трагічная смерць Сцепаніды ўспрымаецца як знак
непераможнасці народа, нязломнасці яго духу.
Адна з галоўных думак, якую спрабуе давесці да
чытача аўтар твора, заключаецца ў рытарычным
пытанні: што лепш: памерці без супраціўлення,
пасіўна ўспрымаючы гвалт, які чыніць вораг на
роднай зямлі, ці змагацца з гэтым гвалтам
актыўнымі дзеяннямі, ад якіх вораг не будзе мець
спакою ні ўдзень, ні ўночы. Зыходзячы з гэтага,
Петрака можна ў нейкай ступені разглядаць як
супрацьлеглы Сцепанідзе вобраз. Пятрок, па
натуры ціхі, памяркоўны, крыху палахлівы, спрабуе
прыстасавацца да абставін, перачакаць навалу. Ён
улагоджвае паліцэйскіх самагонкай,
паслухмянасцю дагаджае фашыстам. У гэтым
выяўляецца адна з рыс сялянскай псіхалогіі: абы
было ціха. Аднак поўнасцю прыстасавацца да
жудасных умоў фашысцкай акупацыі немагчыма.
Паступова ў душы нясмелага, далікатнага чалавека
выспявае гнеўны пратэст. Пятрок пераадольвае
сваю слабасць, знаходзіць у сабе незвычайныя
сілы і выказвае паліцаям усю сваю нянавісць і
пагарду. Гэты ўчынак заканчваецца арыштам,
турмой і, урэшце, смерцю. Вобразам Петрака В.
Быкаў сцвярджаў, што ў часы цяжкіх выпрабаванняў
лавіраванне паміж сваімі і чужымі, хаванне за
спіны іншых заканчваюцца трагічна. Чалавек
павінен з першай хвіліны акупацыі заняць цвёрдую,
непрымірымую пазіцыю ў дачыненні да ворагаў.
Аповесць "Знак бяды" — твор, па сведчанні П.
Дзюбайлы, "аб нечалавечых пакутах і аб
сапраўднай чалавечнасці, аб сіле і нязломнасці
чалавечага духу, сапраўды народнага характару".
Назва твора набывае сімвалічнае значэнне. Знак
бяды — гэта мяжа, на якой чалавек павінен даць
адказ свайму сумленню: ці здатны ён да абароны
сваёй годнасці і гонару роднай зямлі, У вобразе
Сцепаніды В. Быкаў увасобіў лепшыя рысы
беларускай жанчыны: працавітасць, сумленнасць,
душэўнасць, сілу і нязломнасць чалавечага духу,
высокую чалавечую годнасць. А яшчэ — гатоўнасць
да самаахвяравання. Была ж у гераіні магчымасць
жыць, перачакаць вайну. Але не было магчымасці
выжыць, застацца чалавекам са сваімі прынцыпамі.
І менавіта гэтыя прынцыпы знайшлі сваё выяўленне
ў апошнім учынку Сцепаніды. |