Аповесць В. Быкава "Знак бяды"
адметная. Вайна ў ёй разглядаецца праз
успрыняцце яе мірнымі жыхарамі, для якіх уласны
хутар становіцца месцам здзекаў і гвалту,
своеасаблівай Галгофай. Мінулая вайна, на думку В.
Быкава, паказала, "якім высокім і якім нізкім
можа быць чалавек, да якой велічы могуць узняцца
адны і да якой нізасці апусціцца другія". Таму
ў творы пісьменнік (выдатны псіхолаг) імкнецца
выявіць прычыны здрадніцтва, прыстасавальніцтва,
маральнага падзення адных і духоўнай велічы,
высакароднасці, нязломнасці духу другіх.
Зразумела, што здрадніцтва не можа нарадзіцца
далёка ад нас, саміх сябе. Яно найбольш
праяўляецца ў часы цяжкіх выпрабаванняў, калі
чалавек стаіць на мяжы выбару паміж жыццём і
смерцю. Адны выбіраюць жыццё і тым самым
здраджваюць сабе, радзіме, народу, пачынаюць
прыслужваць іншаму рэжыму, прыстасоўваюцца да
выгаднай для сябе сітуацыі. Другія (напрыклад,
Сцепаніда) з першых дзён не мірацца з новымі
парадкамі, свядома канфліктуюць з няпрошанымі
гасцямі, змагаюцца з ворагам да апошняга ўздыху.
"Сваімі" і адначасова чужымі ў аповесці
паказаны Гуж, Каландзёнак і Недасека. Сярод усіх
паліцаяў сваёй жорсткасцю, бесчалавечнасцю
вылучаўся Гуж, які яшчэ да вайны, пасля
раскулачвання бацькі, з абрэзам паляваў на
людзей. У перыяд акупацыі ён зноў адчуў сваю сілу.
Упіваючыся неабмежаванай уладай, Гуж
здзекаваўся з людзей не толькі па загадзе немцаў,
але і дзеля свайго задавальнення. З лютай
нянавісцю спрабаваў ён адпомсціць за даўнюю
крыўду. Яшчэ больш небяспечным (з-за сваёй
затоенасці, непрадказальнасці ўчынкаў) з'яўляецца
Каландзёнак — "няўклюда лягчоная, ні хлопец,
ні дзеўка — паскуда адна". У гады
калектывізацыі ён прыкідваўся прыхільнікам
новых змен, дапамагаў адшукваць "ворагаў"
народа і за паклёпніцкі данос нават быў
узнагароджаны рэквізаванымі ботамі. З прыходам
фашыстаў ён з лёгкасцю і спраўна стаў служыць
фашысцкай сістэме так жа, як калісьці служыў
савецкай уладзе. В. Быкаў, удзяляючы ў аповесці
значнае месца паліцаям, бачыў у іх затоенасці,
скрытвасці, прыстасавальніцтве не меншую
небяспечнасць, чым у заведама адкрытай
чалавеказабойчай палітыцы ворагаў-чужынцаў.
Немцам-захопнікам В. Быкаў у аповесці адводзіць
не так многа ўвагі. З імі мы сустракаемся толькі
тады, калі яны некалькі дзён жылі ў хаце
Сцепаніды і Петрака. Але і гэтага дастаткова, каб
упэўніцца ў тым, што перад намі заваёўнікі, якія
ўсімі магчымымі сродкамі будуць імкнуцца да
панавання і знішчэння існуючага ладу. Фашысты з'яўляюцца
адкрытымі ворагамі, і ад іх нельга чакаць
асаблівай павагі, міласэрнасці. Горшыя за іх з-за
сваёй затоенасці, скрытнасці, непрадказальнасці
дзеянняў паліцаі, якія не часова, а ўжо назаўсёды
сталі чужымі для аднавяскоўцаў і якім ніколі не
давяралі ворагі. Такім чынам, чужых у аповесці
"Знак бяды" можна ўмоўна падзяліць на дзве
катэгорыі: чужыя, якія адначасова з'яўляюцца
ворагамі-захопнікамі, і былыя свае людзі, якія з-за
здрады і прадажнасці сталі чужымі для свайго
народа. Аўтар сцвярджае, што свае "чужыя"
больш страшныя за адкрытага ворага, яны здольны
служыць любому злу, якое знаходзіцца пры ўладзе.
Вайна — тая крытычная сітуацыя ў жыцці герояў
твора, калі выяўляецца іх сапраўдная сутнасць:
сутнасць чалавечая або звярыная, дзікунская. На
жаль, праблема сваіх — "чужых" застаецца
актуальнай і для нашага часу. |