Адным з самых запамінальных твораў В.
Быкава з'яўляецца аповесць "Абеліск".
Галоўны герой — вясковы настаўнік Алесь
Іванавіч Мароз. Ад дзейнасці настаўніка, вядома,
залежыць маральнае здароўе нацыі, яе будучыня. У
Мароза была ўнутраная патрэба рабіць людзям
дабро. Нікому ні ў чым не адмаўляючы, ён быў не
толькі настаўнікам, але і дарадчыкам, доктарам,
ветэрынарам. Са сваімі вучнямі ён паводзіў як
роўны з роўнымі, імкнуўся далучыць іх да вяршыняў
агульначалавечай і нацыянальнай культуры. У часы
фашысцкай акупацыі Мароз з-за калецтва не змог
ваяваць на фронце ці ў партызанскім атрадзе. Ён
уступіў у няроўнае змаганне (магчымымі сродкамі)
за душы моладзі. I, калі яго выхаванцы былі
арыштаваны, ён кінуўся ў партызанскі атрад, каб
знайсці выратаванне вучням. Фашысты ж паставілі
страшную ўмову: калі настаўнік з'явіцца ў паліцыю,
хлопцаў адпусцяць. Нягледзячы на забарону
партызанскага кіраўніцтва, Мароз дабравольна
здаўся фашыстам. Ён хацеў у апошні міг жыцця быць
побач са сваімі выхаванцамі, духоўна падтрымаць
іх перад пакараннем. Цудам застаўся жыць толькі
адзін вучань — Павел Міклашэвіч. Як
прадаўжальнік справы свайго настаўніка, ён
дабіваецца справядлівай ацэнкі ўчынку Мароза.
Яго клопатамі ў вёсцы Сяльцо быў збудаваны
абеліск, дзе побач з пяццю юнацкімі імёнамі было
выведзена і імя Мароза. Пра герояў твора і
акалічнасці тых падзей мы даведваемся з
успамінаў былога камандзіра партызанскага
атрада Ткачука і чыноўніка-дагмата Ксяндзова.
Яны па-рознаму (нават дыяметральна супрацьлегла)
ацэньваюць учынак настаўніка. Не асабліва
мэтазгодным, бессэнсоўным лічыць яго Ксяндзоў,
які з-за сваёй абмежаванасці не ўяўляе
сапраўднай ролі настаўніка ў грамадстве і не
разумее таго, што выхоўваць можна і ўласным
прыкладам. Для Ткачука Мароз — герой, барацьбіт,
увасабленне духоўнай велічы чалавека, які
ўласнай смерцю прадэманстраваў непарыўнасць
слоў і спраў настаўніка, вернасць высокаму
настаўніцкаму прызванню. Спрэчка, якая вядзецца
ў аповесці, прымушае задумацца над сэнсам
гераізму, подзвігу і самаахвярнасці, дапамагае
адшукаць маральныя вытокі гераічных учынкаў,
мнагастайнасць іх праяўлення не толькі ў ваенныя
гады, але і ў мірны час. На кантрасце, сутыкненні
розных думак і поглядаў дасягаецца вастрыня і
палемічнасць у вырашэнні складанага пытання пра
абавязак кожнага чалавека перад грамадствам,
сваім сумленнем, пытання даволі актуальнага і
для нашых сучаснікаў. |