У аповесці "Сотнікаў", як і ў
большасці твораў В. Быкава, узнімаецца праблема
асабістай адказнасці чалавека за лёс іншых
людзей, высвятляюцца прычыны маральнага
падзення, здрадніцтва адных і духоўнай велічы,
высакароднасці другіх. Аўтар даследуе пытанне,
на што здольны чалавек ва ўмовах, "калі
магчымасці абараніць жыццё вычарпаны ім да канца
і прадухіліць смерць немагчыма". Цэнтральнымі
героямі аповесці з'яўляюцца партызаны Сотнікаў і
Рыбак. У барацьбе з ворагам яны не навічкі. Сын
героя грамадзянскай вайны, камандзір батарэі
Сотнікаў ваяваў на фронце, трапіў у палон, цудам
вырваўся з яго і прадоўжыў барацьбу ў
партызанскім атрадзе. За плячыма старшыны
стралковай роты Рыбака франтавыя баі, акружэнне,
удзел у партызанскім руху. Лёс асабліва зблізіў
герояў твора пры выкананні задання па здабычы
для партызан харчоў. Ідучы на выкананне задання,
яны па-рознаму рэагуюць на будучую небяспеку, і
здаецца, што дужы, энергічны і кемлівы Рыбак
больш здольны на подзвіг, чым фізічна слабы і
хворы Сотнікаў. Але калі Рыбак, які ўсё жыццё "ўхітраўся
знайсці які-небудзь выхад", унутрана гатоў да
здрады, то Сотнікаў да апошняга ўздыху застаецца
верным абавязку чалавека і грамадзяніна. Героям
твора не ўдалося выканаць апошняе партызанскае
даручэнне: яны трапілі пад абстрэл паліцаяў і,
хаваючыся ад іх на гарышчы ў хаце Дзёмчыхі, былі
ўзяты ў палон. Перад смяртэльнай пагрозай
Сотнікаў і Рыбак паводзяць сябе адпаведна сваім
характарам і ідэйным перакананням. Сотнікаў з
гонарам праходзіць праз цяжкія выпрабаванні і ў
самай бесчалавечнай сітуацыі застаецца
чалавекам, адданым Радзіме, верным сваім
высакародным ідэалам. Ён, безумоўна, жадаў бы
загінуць у баі і амаль "ужо зайздросціў
тысячам тых шчасліўцаў, што знайшлі свой канец на
шматлікіх палях баёў". Але гэта стала
немагчымым. І таму ў ноч перад пакараннем
Сотнікаў думае не пра сябе, а кіруецца высокімі
маральнымі прынцыпамі, думае пра тое, як
выратаваць Дзёмчыху і старасту Пётру.
Запатрабаваўшы следчага, ён заявіў: "Я —
партызан, астатнія тут ні пры чым". На жаль,
гэта прызнанне не падзейнічала на катаў: раніцай
з пяці падрыхтаваных для павешання петляў
засталася свабоднай толькі адна, прызначаная для
Рыбака. Паводзіны Рыбака ў крытычнай для яго
жыцця сітуацыі іншыя. Не будучы нягоднікам,
перакананым здраднікам і ворагам, ён любымі
магчымымі сродкамі (нават смерцю таварыша) хоча
захаваць жыццё. Рыбаку здаецца, што, застаўшыся
жывым, ён зможа ашукаць ворагаў, уцячы да
партызанаў і прадоўжыць там далейшую барацьбу з
акупантамі. Аднак сітуацыя, у якой апынуўся герой
твора, вымушае яго крок за крокам дагаджаць і
ўступаць каварнаму і бязлітаснаму ворагу,
хітраваць і выкручвацца перад ім, думаць толькі
аб сабе, ігнараваць інтарэсы іншых і, нарэшце,
скаціцца ў духоўную бездань. Зразумеўшы
жахлівасць свайго здрадніцкага становішча,
Рыбак спрабуе павесіцца (у прыбіральні), але
гэтаму перашкодзілі абставіны. І тады герой
твора спрабуе апраўдаць свае дзеянні, вінаваціць
за гэта не столькі сябе, колькі жорсткія ваенныя
ўмовы, ненавісны вайсковы лёс і нават Сотнікава,
хвароба і раненне якога нібыта паслужылі
асноўнай прычынай іх палону. Аповесць "Сотнікаў"
вызначаецца глыбокім філасофскім роздумам аб
жыцці і смерці, аб чалавечым абавязку і гуманізме,
якія несумяшчальныя з любымі праявамі эгаізму.
Паглыблены псіхалагічны аналіз кожнага дзеяння
і руху герояў, кожнай іх думкі і слова — адна з
вызначальных рыс твора. Вялікая духоўная моц
Сотнікава заключаецца ў тым, што ён, пастаўлены
перад выбарам жыцця і смерці, здолеў прыняць
смерць і тым самым паказаў веліч чалавечага духу,
нязломнасць характару, непахісную веру ў
будучыню людзей. |