На золаку XX ст., калі Расію ўскалыхнулі
хвалі першай буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі,
на Беларусі цвёрда і ўпэўнена, паэтычна натхнёна
загучаў голас Цёткі. Паэтэса-рэвалюцыянерка,
асветніца, рэдактар, настаўніца, публіцыст,
вучоны, медыцынскі работнік — такую жанчыну
падарыла беларускаму народу эпоха рэвалюцыйных
бітваў. Цётка быццам знарок была народжана для
такога бурлівага часу, які стаў для яе творчасці
зорным. Паэтэса адкрывае новую старонку ў
беларускай літаратуры — старонку мужнасці і
барацьбы. Талент палымянай рэвалюцыянеркі
выявіўся не толькі ў паэзіі, але і прозе (пераважна
ў жанры апавядання). Першым празаічным творам
Цёткі з'яўляецца алегарычнае апавяданне "Прысяга
над крывавымі разорамі". Гэта невялічкая
замалёўка з жыцця беднага і гаротнага селяніна
Мацея нагадвае пракламацыю з выразна акрэсленай
рэвалюцыйнай ідэяй — патрабаваннем права на
зямлю і волю. Экспазіцыя апавядання даволі
лаканічная. Стары, слабы, змучаны цяжкай працай і
нястачай Мацей павінен працаваць на полі, бо
болей няма каму. Тры сыны Мацея разляцеліся, як
птушкі, па свеце: адзін наняўся парабкам, другі
стаў рабочым, трэцяга забралі ў войска. І
прыходзіцца старому чалавеку, хвораму і
нямогламу, апрацоўваць сваю зямлю самому. А яшчэ
ж трэба адправіць доўг: "Мардасовічу — за лён,
Бізуноўскаму — за пашу, а там і за бульбу плужы і
плужы штодзень на адработках". Змарыўся Мацей,
прылёг адпачыць і заснуў. І сніцца яму, што на яго
палосцы "сабралася моц народу" (і маладыя, і
старыя, і мужчыны, і жанчыны, і дзеці) і ўсе
крычаць: "Вузка! Цесна! Мала!". Беднякі з
натоўпу ставяць пытанне: "А скуль узяць? Скуль
дастаць?". І ў адказ ім чуюцца галасы: "Глядзіце,
во пра'сторы! Во нівы, лясы, палі! Усё гэта наша!".
Сусед жа Мацея Астап запалохвае: "Не дадуць: то
казённае, дворнае, — ні я, ні вы не маеце права...
Не дадуць, паб'юць...". Сярод натоўпу бачыць
Мацей і трох сваіх сыноў, якія становяцца на
калені і прысягаюць: "Мы дамо! Мы — сіла! Мы —
праваі". Тры браты, якія сімвалізуюць
адзінства рабочых, сялян і салдат, здольны
дабіцца свабоды свайму народу, даць зямлю
беззямельным. Сон Мацея — не проста яго
спрадвечная мара аб зямлі, не проста яго гора і
боль, а папярэджанне аб вялікай крыві, якая
пральецца на гэтай зямлі. Апавяданне
заканчваецца сімвалічна: "Разоры стаяць поўны
крыві, а над імі вісяць тры скрыжаваныя далоні...".
Цётка паказвае гэтым, што дарагой цаной
прыйдзецца плаціць за зямлю і волю, што гэта
барацьба патрабуе адзінства і згуртаванасці.
Гісторыя пацвердзіла гэта. Змест твора супадае з
сённяшнімі рэаліямі. Нам, беларусам, адзінства і
згуртаванасць неабходны, як сонца і паветра.
Любую бяду лягчэй пераносіць разам. Ніхто не
дапаможа нам у вырашэнні сацыяльных, эканамічных,
экалагічных праблем, калі мы самі, усе разам, не
дапаможам сабе. Прыйдзе час, і разоры гісторыі
запоўняцца новым сэнсам. І не кроў і слёзы будуць
сімвалізаваць гэты час, а ўрадлівая ніва, каласы
якой будуць згінацца пад цяжарам зерня. |