Кузьма Чорны, прадаўжаючы і развіваючы
гуманістычныя традыцыі Я. Купалы, Я. Коласа, М.
Багдановіча, аказаў значны ўплыў на развіццё
беларускай аналітычнай прозы і яе эпічных жанраў.
Ён з'яўляецца адным з пачынальнікаў
псіхалагічнай прозы. Пісьменнік адводзіў
літаратуры важную ролю ў нацыянальным
адраджэнні, лічыў яе "наймагутнейшай з'явай
жыцця краіны, адным са сродкаў творчасці гэтага
жыцця". Пачынаў пісьменнік свой творчы шлях на
пачатку 20-х гадоў з лірычных і надзвычай
эмацыянальных апавяданняў, якія па форме
нагадвалі навелы ці імпрэсіі. Напісаныя на
матэрыялах з жыцця вёскі і горада, яны паказвалі
духоўнае абуджэнне народа. У пачатку 30-х гадоў К.
Чорны прыходзіць да гістарычна-канкрэтнага
разумення новай рэчаіснасці. Яго ўвагу прыцягвае
жыццё народа на вялікім адрэзку часу. У рамане
"Бацькаўшчына" пісьменнік імкнуўся
асэнсаваць і абагульніць змены ў жыцці
грамадства, выкліканыя Кастрычніцкай рэвалюцыяй.
Падзеі, апісаныя ў творы, ахопліваюць некалькі
дзесяткаў гадоў. Галоўным героем рамана з'яўляецца
селянін Леапольд Гушка — чалавек без зямлі і
бацькаўшчыны. Адвечная беднасць і нястача не
заглушылі ў ім пачуцця чалавечай годнасці.
Чалавек сумленны і цярплівы, надзелены
незвычайнай сілай волі, ён не палохаецца
жыццёвых цяжкасцей, "стаіць на нагах моцна".
Герой твора марыць аб набыцці кавалка ўласнай
зямлі, на якой ён быў бы гаспадаром. Леапольд, як і
Міхал з "Новай зямлі", верыць, што на сваёй
зямлі ён стане незалежным і шчаслівым, зажыве па-людску.
Рэвалюцыя быццам бы здзейсніла мару Гушкі. Ён
атрымаў некалькі дзесяцін камяністай няўдобіцы,
на якой працаваў як закляты. Але змяніўся час. І
герой твора становіцца змагаром за новы лад,
новую бацькаўшчыну. Ён аддае ў камуну набыты з
неймавернай цяжкасцю надзел зямлі і гэтым самым
нібыта вызваляецца ад пакутаў уласніцтва. Логіка
развіцця характару Леапольда відавочна
парушаецца. І з сённяшняга пункту гледжання
такія паводзіны героя рамана здзіўляюць, не
паддаюцца лагічнаму аналізу і растлумачванню.
Гэтым учынкам герой твора як бы перакрэслівае
сваю ранейшую жыццёвую праграму. На апошніх
старонках твора, даволі публіцыстычных і
схёматычных, мы бачым Леапольда старшынёй
пагранічнага калгаса, кіраўніком пасяджэння
раённага з'езда саветаў. Тут адчуваецца ўступка
аўтара ідэям таго часу, калі неабходна было
паказаць, як ва ўмовах савецкай рэчаіснасці былы
батрак ператвараецца ў дзяржаўнага дзеяча, як
селянін развітваецца са сляпой наіўнай верай ў
сваё вызваленне шляхам набыцця ўласнай зямлі.
Тэма фарміравання новага чалавека, які быццам бы
ва ўмовах савецкай рэчаіснасці вызваляецца ад
уласніцкай псіхалогіі, становіцца асноўнай і ў
рамане К. Чорнага "Трэцяе пакаленне". На
працягу 30-х гг. К. Чорны напісаў нямала твораў, у
якіх, нягледзячы на кампраміс з часам, здолеў
паказаць важныя праблемы новага часу. У аповесці
"Люба Лук'янская" пісьменнік імкнуўся
раскрыць працэс фарміравання моцнага характару
жанчыны, паказаць, як узнімаўся прыгнечаны,
зняважаны і абяздолены чалавек з "дна" на
высокія жыццёвыя вяршыні. Любе Лук'янскай, Валі
Іваноўскай, братам Рыльскім у творы
проціпастаўлены Сашка Стафанковіч і яго бацька,
у вобразах якіх К. Чорны выкрыў дробнаўласніцкі
ідэал жыцця чалавека, яго прыстасавальніцтва,
чэрствасць, бяздушнасць і нікчэмнасць. У творах К.
Чорнага ваенных гадоў створана шырокая панарама
барацьбы беларускага народа супраць захопнікаў.
Раман "Пошукі будучыні" ствараўся па
гарачых слядах падзей і адлюстроўваў напружаны
роздум пісьменніка аб лёсе народа ў складаны для
яго час. Героі рамана больш-менш нагадваюць ужо
знаёмых герояў папярэдніх твораў. Тое, што
адбывалася ў мястэчку Сумлічы і яго ваколіцах, —
гэта толькі невялікі эпізод барацьбы
беларускага народа супраць захопнікаў. Аўтар
прасочвае лёс герояў твора на працягу многіх
гадоў імперыялістычнай, грамадзянскай і Вялікай
Айчыннай войнаў. Таму ў рамане нямала экскурсаў у
мінулае. На першых старонках рамана мы
сустракаемся з галоўнымі гёроямі твора —
чатырнаццацігадовай Волечкай і
шаснаццацігадовым Кастусём , якіх лёс звёў у
адной хаце. Кастусь прывёз у вёску хворага
нямецкага салдата Густава Шрэдэра, які ў знак
падзякі за дапамогу пакінуў выратавальнікам
залатыя рэчы, выкрадзеныя ў непрытомнага графа
Паліводскага. Пазней мы ўбачым Вольгу і Кастуся
сталымі, любячымі адзін аднаго мужам і жонкай,
якія выхоўваюць дачку Лізу. Значную ролю ў рамане
адыгрывае вобраз простага селяніна-працаўніка
Нявады, якому ў першую сусветную вайну бало
суджана зведаць пакуты акопнага жыцця і
нямецкага палону. Пасля многіх гадоў блуканняў і
пакут ён вярнуўся ў родную вёску, сустрэўся з
дачкой і дачакаўся ўнучкі. У дзецях Нявада бачыў
будучае, прадаўжэнне сябе. У гады Вялікай
Айчыннай вайны ён аддае ўсе сілы для выратавання
ўнучкі з канцэнтрацыйнага лагера і, не
здейсніўшы гэтага, гіне. Унучку вызвалілі з
палону партызаны на чале з Кастусём. У творы
яскрава выпісаны фашысцкія вылюдкі і іх
паслугачы (стары і малодшы Шрэдэры, граф
Паліводскі, Акаловіч). Салдат кайзераўскай арміі
стары Густаў Шрэдэр спрабаваў знайсці будучыню
сярод забітых на полі бою салдат, у якіх ён
забіраў залатыя рэчы і грошы. Густаў марыў
пабудаваць для свайго сына маёнтак, але трапіў у
палон і павёз назад у Германію толькі злосць на
сябе. Калі началася Вялікая Айчынная вайна, стары
Шрэдэр зноў з'явіўся ў гэтых мясцінах, дзе яго сын,
вырасшы пры фашызме, узначальваў акупацыйную
ўладу, быў камендантам канцэнтрацыйнага лагера,
забойцам. К, Чорны ў творы сцвярджае, што будучыні
ў забойцаў не можа быць. І Шрэдэры, і Акаловіч
гінуць ад партызанскіх куль. На лёсе людзей
невялічкага мястэчка К. Чорны паказаў барацьбу
ідэй, поглядаў на свет у складаны для Беларусі
час. Пісьменнік у творы ўпэўнівае, што вораг
бўдзе выгнаны з беларускай зямлі, што беларускі
народ не загіне ад чорнай фашысцкай навалы. |