Тэматыка драматычных твораў У. Галубка
даволі разнастайная. У іх уздымаюцца маральна-этычныя
праблемы ("Душагубы"), крытыкуюцца царскія
чыноўнікі і суддзі, сацыяльна-палітычныя парадкі
ў царскай Расіі ("Пісаравы імяніны", "Суд"),
адлюстроўваецца жыццё ў Заходняй Беларусі ("Краб",
"Белы вянок") і барацьба сялян у часы
рэвалюцыйных хваляванняў ("Бязвінная кроў").
У сваёй творчасці аўтар аддаваў перавагу жанру
меладрамы. Камедыйныя творы, пастаўленыя на
сцэне з элементамі фарса, вадэвіля і батлейкі,
прыемна ўражваюць і сённяшняга гледача. Праблеме
сацыяльнай няроўнасці, класаваму антаганізму ў
дакастрычніцкай вёсцы прысвечаны п'есы "Плытагоны",
"Ганка". Меладрама "Ганка" з'яўляецца
адной з лепшых п'ес драматурга. Яна вызначаецца
напружанасцю дзеяння, жыццёвасцю канфлікту,
псіхалагізмам у абмалёўцы дзеючых асоб,
арганічнай спалучанасцю трагедыйных і
камедыйных элементаў. Галоўныя дзеючыя асобы —
Васіль, Ганка, памешчыца-палкоўніца. У свае 18 год
прыгажуня Ганка закахалася ў Васіля, які таксама
моцна пакахаў яе. Але жорсткая і сквапная
памешчыца, у якой выхоўваўся Васіль (як прыёмны
сын) пад прымусам жэніць яго з багатай Марысяй.
Безабаронную Ганку і яе бацьку (панскага пастуха)
яна выганяе з дому. Зняслаўленая, Ганка канчае
жыццё самагубствам, а яе бацька становіцца
жабраком. Жыццё Васіля з нялюбай не склалася. У
далейшым ён звязваецца з Незнаёмым, удзельнічае
ў распаўсюджанні рэвалюцыйнай літаратуры.
Палкоўніца ж, гатовая дзеля нажывы на любое
злачынства, даносіць на Васіля ў паліцыю, за што
ён трапляе ў турму. Заканчваецца п'еса вяртаннем
Васіля ў родныя мясціны, дзе ён сустракаецца са
сляпым жабраком і дзяўчынкай-павадыром.
Высвятляецца, што стары — бацька Ганкі, а
дзяўчынка — Васілёва дачка. Малюючы
дакастрычніцкую рэчаіснасць у такіх змрочных
фарбах, аўтар выносіць жорсткі прысуд
бесчалавечнасці, бяздушнасці, уздымае праблему
сацыяльнай няроўнасці і несправядлівасці ў
грамадстве, бяспраўнага становішча ў ім простага
чалавека. П'еса "Пан Сурынта" прысвечана
барацьбе беларускага народа з прыгнятальнікамі
ў часы прыгоннага права. Сюжэт яе даволі складаны.
Жорсткі і разбэшчаны Сурынта не лічыць прыгонных
сялян за людзей, здзекуецца з іх чалавечай
годнасці. Ён прымушае Касю стаць яго
палюбоўніцай і тым самым разбівае шчасце
закаханых Касі і Віцькі. Імкнучыся адпомсціць за
здзекі і знявагі пана, Віцька становіцца
кіраўніком паўстанцаў. Пазней высвятляецца, што
Кася з'яўляецца роднай дачкой Сурынты,
народжанай ад прыгоннай жанчыны. Пан перажывае
душэўную драму, яго пачынаюць праследаваць цені
закатаваных і абняслаўленых прыгонных. Не
вытрымаўшы гэтага, пан Сурынта заканчвае жыццё
самагубствам. П'еса, такім чынам, паказвае
сацыяльна-класавы канфлікт паміж прыгоннікамі і
прыгоннымі, асуджае панскую амаральнасць і
разбэшчанасць. Творчасць У. Галубка, увасобіўшы
пэўныя этапы развіцця беларускай літаратуры,
дала магутны штуршок развіццю нацыянальнай
драматургіі і тэатра. І невыпадкова гэты
таленавіты майстар слова і сцэны стаў першым
народным артыстам Беларусі. |