Мой верш — мая
душа
І думка шчырая мая!
У кожным слове маё я.
Мой верш — мая душа.
Ц. Гартны
Цішка Гартны ўвайшоў у гісторыю
беларускай літаратуры як актыўны творца і
наватар, пачынальнік буйной беларускай прозы,
адкрывальнік рабочай тэматыкі. Дарэвалюцыйныя
вершы паэта навеяны ідэямі нацыянальнага
адраджэння, рэвалюцыйна-вызваленчым рухам.
Некаторым з іх уласціва лозунгавасць,
абстрактнае ўхваленне перамогі рэвалюцыі. У
вершы "Роднай краіне" паэт стварыў вобраз
роднага краю, дзе "раскінуліся шэрыя вёскі"
са старажытнымі курганамі, "Дзвіна й чысты
Нёман... свае воды ў мора нясуць", чуюцца песні
— "долі людской адгалоскі". Заканчваецца
верш прызнаннем лірычнага героя ў яго бясконцай
любові да тых месц, дзе ён нарадзіўся і вырас.
Ідэю ўваскрэсення краіньі паэт звязвае з "нястрыманай
яскравай свабодай", што хутка "заззяе для
народа" (верш "Да надзеі"). Паэт, на думку Ц.
Гартнага, павінен прыняць актыўны ўдзел у
абуджэнні народа, барацьбе за знішчэнне рабскіх
устояў:
Размахні рукою і званова сэрца
Скалыхні сярдзіта. Хай грымяць удары,
І хто спіць, хто дрэмле, ўстане-скалыхнецца
І спяшыць на зовы. Не праспі, званару!
Тэма паднявольнага жыцця селяніна і яго
цяжкой працы знайшла адлюстраванне ў вершах "Да
Нёмна", "Касьба", "Песня жняі", "Сявец".
Захапляючыся спорнай працай касцоў, паэтызуючы
працу жняі, пад сярпом якой "хутка жыта гнецца,
сноп за снопам у радок покладам кладзецца",
аўтар сцвярджае высокія маральныя нормы
селяніна:
Праца павінна прыносіць асалоду,
задавальненне, бо
Праца ўвесь свет ускарміла,
Праца нам шчасце дае.
Працаю сілы прыроды
К людзям у слугі ідуць,
З ёю ж у свеце народы
Лепшае долі прыждуць.
У вершах "Каваль", "Гарбар на
вандроўцы") "Песні гарбара" Ц. Гартны
ўпершыню ў беларускай літаратуры звярнуўся да
вобраза рабочага, выказаў веру ў яго вялікія
магчымасці. Апісваючы кавальскую і гарбарскую
працу, разважаючы пра цяжкую долю гарбара (яго ў
жыццёвых вандроўках заўсёды суправаджае гора),
паэт стварае абагульнены вобраз "рыцара працы
цяжкой", які ганарыцца сваёй прафесіяй і
верыць, што ў працы адшукае лепшую долю, выкуе
сваё шчасце. Сярод празаічных твораў Ц. Гартнага
найбольш значны — раман "Сокі цаліны", які з'яўляецца
першым шматтомным творам у нашай нацыянальнай
літаратуры, дзе праўдзіва адлюстравана
грамадска-палітычная атмасфера тых часоў, жыццё
горада і рабочае асяроддзе. У структурным плане
ён складаецца з 4 кніг (квадраў), аб'яднаных
галоўнай ідэяй аўтара: паказаць, як "багатая
сокамі цаліна агромнай краіны расціла маладыя
пасынкі". Дзеянне ў рамане ахоплівае цэлае
дзесяцігоддзе, у межах якога змясціліся такія
значныя падзеі, як першая сусветная вайна,
Лютаўская рэвалюцыя, а таксама шматлікія мітынгі,
дэманстрацыі. Галоўным героем твора з'яўляецца
вытрыманы ва ўсіх адносінах, адданы рэвалюцыйнай
справе, свядомы пралетарый Рыгор Нязвычны. У
першай кнізе "Бацькава воля" расказваецца
аб прыездзе Рыгора з Рыгі ў вёску Сілцы, яго
ўзаемаадносінах з Зосяй Прыдатнай, яе бацькамі і
іншымі аднавяскоўцамі. Рыгора не магло
задаволіць ціхае, замаруджанае жыццё ў вёсцы, бо
ён прагнуў рэвалюцыйнай дзейнасці, змагання за
людское шчасце, у надыход якога свята верыў.
Дзеянне ў наступных кнігах ("На перагібе",
"Крыжавыя дарогі", "Чырвоныя зарніцы")
адбываецца ў вёсках Сілцы, Смагін, Ступкі, а
таксама ў Мінску, Рызе, Пецярбургу. Крыжовыя
дарогі сталі суровым выпрабаваннем для герояў
твора. Многія з іх мужнелі, загартоўваліся, іншыя,
наадварот, гублялі веру ў ажыццяўленне
рэвалюцыйных ідэй. Рыгор практычна ва ўсіх
жыццёвых сітуацыях паказаны бездакорным
бальшавіком, усе клопаты якога скіраваны на
грамадскую дзейнасць. Аўтар захапляецца ім,
прыўздымае над іншымі персанажамі і як бы не
заўважае яго халоднага рацыяналізму, душэўнай
чэрствасці, нячуласці, абыякавасці (стаўленне да
маці, развагі пра Зосіны пакуты, адносіны да
арышту Петруся). Катэгарычным, але рэвалюцыйна
"правільным" з'яўляецца сцвярджэнне Рыгора
аб сялянстве як непаўнацэнным і ніжэйшым, у
параўнанні з 'рабочымі, класам. У выніку гэтага
вобраз набыў спрошчаны, дэкларатыўны і ў многім
штучны характар, што, безумоўна, паўплывала на
мастацкія вартасці твора. |