Продкамi не грэбуйце нiколi,
Бо яны жыццём сваiм, крывёю
Здабывалi i зямлю, i волю.
Э. Валасевiч
Дзень памяцi продкаў у народзе называюць
дзядамi. Гэты народны памiнальны абрад паходзiць
ад дахрысцiянскага ўсходнеславянскага звычаю
трызны i спраўляецца чатыры разы на год (перад Змiтравым
днём, на радаўнiцу, перад масленiцай i сёмухай). Лiчыцца,
што ў гэты дзень душы памёршых продкаў
прыходзяць да жывых, глядзяць на сваiх нашчадкаў,
радуючыся за iх поспехi i сумуючы, калi ў хаце
штосьцi робiцца не так. Таму на дзяды гатавалi
святочныя i абрадавыя стравы, запальвалi свечкi,
успамiналi добрым словам памёршых дзядоў i
прадзедаў, клiкалi на вячэру, паклаўшы для iх на
асобныя талеркi куццю. А цi помнiм мы сваiх дзядоў-прадзедаў?
Цi можам адшукаць свае каранi ў радаводным дрэве
Беларусi? Такое пытанне ў адным з вершаў задае Р.
Барадулiн:
Дзе каранi твае,
Адкуль твой род пачаўся,
Цi з прыцемкаў быцця, -
Цi з цемры небыцця...
Наш сучаснiк наўрад цi можа адказаць на
гэта пытанне. Добра, калi ён прыгадае прозвiшча i iмя
дзеда цi прадзеда. Радавод, на жаль, гэтым
заканчваецца. Падкрэслiваючы кароткую
радаводную памяць нашых сучаснiкаў, А. Русецкi пiша:
Я - мужыцкi сын, i радаслоўная
анiдзе не значыцца мая,
дзед i прадзед, а далей замглёная
далячынь - стагоддзяў акiян.
Гэтую ж думку пацвярджае i В. Вiтка ў
вершы "Спадчына":
Адтуль вяду я свой жыццёвы след
I радаслоўную пiшу спачаткў,
Бо на той свет з сабою цемнiк-дзед
Забраў i герб фамiльны, i пячатку.
Калi ж прасачыць гiсторыю Беларусi, то ў
ёй можна без цяжкасцей адшукаць такiя славутыя
постацi, як князь Рагвалод, Рагнеда, Усяслаў
Чарадзей, Ефрасiння Полацкая, Кiрыла Тураўскi.
Пажаўцелыя старонкi летапiсаў уваскрашаюць
смелыя i адважныя ўчынкi чараўнiка князя Усяслава,
у час кiравання якога полацкая дзяржава
дасягнула найвышэйшага росквiту; дзейнасць
нябеснай заступнiцы Беларусi Ефрасiннi Полацкай,
па заказе якой была пабудавана сусветна вядомая
царква Спаса i створаны крыж - шэдэўр
старажытнабеларускага мастацтва; творчы запал
славутага пiсьменнiка, мастака, прапаведнiка Кiрылы
Тураўскага. Эпоху Адраджэння нельга ўявiць без
першаасветнiка, друкара, рэфарматара мовы, лекара
i батанiка Францiшка Скарыны, багатая спадчына
якога i сёння служыць iдэi нацыянальнага
адраджэння. Яркiм прыкладам служэння Айчыне з'яўляюцца
жыццё i дзейнасць Льва Сапегi, Мiколы Гусоўскага,
Сымона Буднага, Васiля Цяпiнскага, Лявонцiя Карповiча,
Лаўрэнцiя Зiзанiя. Нязгасныя iмёны Кастуся Калiноўскага,
Францiшка Багушэвiча, Янкi Купалы, Якуба Коласа,
Максiма Багдановiча складаюць гонар i славу
нашага народа. Выдатныя пiсьменнiкi, дзяржаўныя
дзеячы, змагары за свабоду i незалежнасць Беларусi
сеялi на зямлi зярняты вечнага дабра i праўды,
паказвалi ўзоры мужнасцi i самаахвярнасцi.
Нагадваем гэтыя iмёны, i гордасцю поўнiцца сэрца.
Значыць, мы "не без роду, без племенi",
значыць ёсць у нас спадчына, багатая, цiкавая i
разнастайная. Падкрэслiваючы гэта, народны паэт
Беларусi Н. Гiлевiч сцвярджае:
Мы ўзышлi не з насення, што ветрам
занесена,
Мы не дзiкай травы самарослыя парасткi.
У глыбiнях зямлi, гераiчнай i песеннай,
Нашых душ каранi — з вузялкамi ўпартасцi.
На дзяды памiнаюцца i нашы далёкiя продкi,
i трагiчныя фiгуры сталiнскiх рэпрэсiй 30-х гг., i загiнуўшыя
ў гады ваенных лiхалеццяў, i нашы блiзкiя, родныя. У
кожным з нас павiнна жыць памяць аб iх светлых
вобразах. Не павiнна забыцца, сцерцiся з памяцi i
бацькоўская вера, матчына мова, народныя звычаi,
традыцыi. Без ведання гiстарычнага мiнулага не
можа быць нi сучаснасцi, нi будучынi. Мiнулае - гэта
каранi нашага тысячагадовага радавога дрэва. Не
будзе каранёў - загiне дрэва, не застанецца ў
будучым i памяцi пра нас. I таму трэба ахоўваць,
берагчы не толькi радаводнае дрэва, але i кожную
яго галiну, якая, тоячы ў сабе памяць далёкiх
продкаў, павiнна вечна шумець сакавiтым лiсцем. |