У старажытнасцi,
да ўзнiкнення кнiгадрукавання, нашы продкi ўсе
найбольш значныя падзеi свайго часу занатоўвалi ў
форме летапiсаў. Летапiсы ўяўлялi сабою пагадовыя
запiсы аб самых важных падзеях грамадскага, палiтычнага,
культурнага i эканамiчнага жыцця краiны. Вельмi
часта ў межах летапiсаў змяшчалiся апавяданнi, якiя
ў структурна-кампазiцыйным плане можна было б
вылучыць у самастойныя творы. Гэта вынiкае з таго,
што летапiсы мелi сiнкрэтычны характар: яны ўтрымлiвалi
(з пазiцый сённяшняга лiтаратуразнаўства)
апавяданнi, аповесцi, легенды, прытчы i мiфы. Праца
летапiсца патрабавала вялiкай вытрымкi i адукацыi:
на перапiсванне адной кнiгi часам патрабавалася
некалькi год. Вось як хораша пiша пра гэта М.
Багдановiч у вершы "Летапiсец":
Душой стамiўшыся ў жыццёвых цяжкiх
бурах,
Свой век канчае ён у манастырскiх мурах.
Тут цiша, тут спакой, — нi шуму, нi клапот.
Ён пiльна летапiс чацвёрты пiша год
I спiсвае усё ад слова i да слова
3 даўнейшых граматак пра долю Магiлёва.
У межах Беларуска-лiтоўскага летапiсу 1446
г. выдзяляюцца самастойныя "Пахвала вялiкаму
князю Вiтаўту" i "Аповесць пра Падолле". У
апошнiм творы абгрунтоўваецца iдэя аб'яднання
ўсходнiх славян у адну дзяржаву - Вялiкае княства
Лiтоўскае. Летапiс пачынаецца са звестак аб
паходжаннi вялiкiх князёў. Згодна яму, на
беларуска-лiтоўскiх землях князi з'явiлiся пасля
таго, як рымскi iмператар Нерон выразаў у Рыме
шмат патрыцыянскiх сем'яў. Такое тлумачэнне
неабходна было для абгрунтавання высокага
сацыяльнага паходжання князёў, а таксама для
пацверджання таго тэзiсу, што, у адрозненне ад
маскоўскiх, лiтоўскiя князi мелi рымскiя каранi.
Сярод беларускiх летапiсаў у першую чаргу
патрэбна вылучыць Беларуска-лiтоўскi летапiс 1446 г.,
"Летапiсец Вялiкiх князёў Лiтоўскiх" i Хронiку
Быхаўца. Беларуска-лiтоўскi летапiс 1446 г., якi
першапачаткова ўзнiк у Смаленску, храналагiчна
ахоплiвае час ад сярэдзiны IX да сярэдзiны XV
стагоддзя. Шмат увагi ў iм надаецца апiсанню гераiчнага
змагання ўсходнеславянскiх плямёнаў з iншаземнымi
заваёўнiкамi, а таксама вобразу князя Вiтаўта. "Летапiсец
Вялiкiх князёў Лiтоўскiх" апавядае аб жыццi,
подзвiгах i дзяржаўных справах вялiкiх князёў ад Мiндоўга
да Вiтаўта. Найбольш пранiкнёнымi з'яўляюцца радкi,
прысвечаныя князю Вiтаўту, апiсанню росквiту
беларуска-лiтоўскай дзяржавы ў часы ягонага
княжання. "Летапiсец" лiчыць Вiтаўта
найвыдатнейшым i найслаўнейшым дзяржаўным
дзеячам за ўсю гiсторыю Вялiкага княства Лiтоўскага:
I быў князь вялiкi Вiтаўт моцным
гаспадаром,
I слава аб iм iшла па ўсiх землях,
I мноства князёў i цароў служылi пры ягоным двары.
У гэты ж летапiс уваходзiць i апавяданне
аб падзеях, якiя адбывалiся ў Вялiкiм княстве
напярэдаднi i пасля заключэння Крэўскай унii 1385 г.:
прыгоднiцкая гiсторыя аб уцёках Вiтаўта ў землi
Тэўтонскага ордэна пасля гвалтоўнай смерцi
Кейстута, шлюб Ягайлы з польскай каралеўнай Ядвiгай,
аб змаганнi Вiтаўта супраць Ягайлы пасля таго, як
той прызначыў сваiм намеснiкам не яго, а Свiдрыгайлу.
Тут жа змешчана i апавяданне пра знакамiтую
Грунвальдскую бiтву 1410 года. У адрозненне ад
вышэйзгаданых летапiсаў у Хронiцы Быхаўца гiсторыя
дзяржавы выкладзена найбольш поўна. Пачынаецца
Хронiка апiсаннем уцёкаў 500 знатных рымскiх сем'яў
у Лiтву ад гневу Нерона, а заканчваецца
апавяданнем аб разгроме татарскiх войскаў пад
Клецкам у 1506 годзе. Акрамя пiсьмовых крынiц аўтар
карыстаўся i вуснымi паведамленнямi сваiх сучаснiкаў.
Аўтар iмкнецца ўзвялiчыць гiсторыю Бацькаўшчыны,
паказаць найбольш светлыя моманты яе слаўнай мiнуўшчыны.
Летапiсы, як вядома, нельга аднесцi да лiтаратуры ў
сучасным яе разуменнi. Але яны спрыялi ўзнiкненню i
развiццю ў беларускай лiтаратуры такiх жанраў, як
апавяданне, аповесць i раман. Акрамя таго, у iх у сцiслай
i займальнай форме адлюстравана гiсторыя
беларускага i лiтоўскага народаў перыяду iх
сумеснага жыцця. Таму летапiсы - гэта не толькi
каштоўныя лiтаратурныя помнiкi, але i неацэнныя
крынiцы пазнання шматвяковай гiсторыi нашай
Айчыны, асэнсавання яе ролi i значэння ў гiсторыi
еўрапейскiх народаў. |