Да палемiчнай лiтаратуры адносяцца
памфлеты, звароты, адкрытыя лiсты, трактаты,
адозвы i iншыя вiды творчасцi, тэматычна звязаныя з
актывiзацыяй палемiкi вакол пытання пра аб'яднанне
царквы i касцёла пад вяршынствам папы рымскага,
так званай iдэi унii. Лiтаратурная палемiка
пачалася пасля выхаду кнiгi Бенядзiкта Гербеста
"Указанне шляху", у якой ставiлася пытанне аб
неабходнасцi царкоўнай унii з Рымам у iнтарэсах
праваслаўнай царквы Вялiкага княства Лiтоўскага.
Гэту iдэю падхапiў i развiў вядомы рэлiгiйны i палiтычны
дзеяч Пётр Скарга, якi iмкнуўся даказаць, што
сапраўднае веравызнанне iдзе ад рымска-каталiцкай
царквы — пераемнiцы i носьбiта апостальскiх
традыцый. Адказам на выказваннi П. Скаргi сталi
ананiмныя творы "Пасланне да латын з iх жа кнiг",
"На багамерзкую на паганую лацiну", шматлiкiя
памфлеты. Iх аўтары выступалi ў абарону
праваслаўнай царквы, узнiмалi вострыя сацыяльныя
праблемы таго часу, праяўлялi заклапочанасць
жыццём селянiна, выказвалiся за права народа мець
свае погляды ў пытаннях рэлiгii. Актывiзацыя палемiчнай
лiтаратуры пачалася пасля Брэсцкай унii 1596 г.,
паводле якой праваслаўная царква прызнала
вяршэнства папы рымскага i прыняла сiмвал веры ў
каталiцкiм разуменнi, але захавала сваю мову
богаслужэння i сваю абраднасць. У абарону унii
акрамя вышэй названага П. Скаргi выступiў сенатар
Рэчы Паспалiтай Уладзiмiра-Брэсцкi епiскап Iпацiй
Пацей. Ён таксама трактаваў унiю як праяўленне
бескарыслiвай апекi папы рымскага над занядбалым
праваслаўным людам. Супраць унiяцтва паўсталi
царкоўныя дзеячы Стэфан Зiзанiй, Хрыстафор Фiлалет
i Лявонцiй Карповiч, якiя сцвярджалi, што унiя была
абумоўлена своекарыслiвай палiтыкай католiкаў i
вышэйшага праваслаўнага духавенства, iх мэтай
было дамагчыся матэрыяльных выгод, рэлiгiйных
прывiлеяў, палiтычных правоў. Апаненты унii
падкрэслiвалi, што знявага iнтарэсаў праваслаўнай
апазiцыi можа прывесцi да класавага антаганiзму,
адстойвалi традыцыi i культурныя дасягненнi
ўсходнеславянскiх народаў. Адным з яркiх
прадстаўнiкоў палемiчнай лiтаратуры з'яўляўся
грамадска-палiтычны i царкоўны дзеяч Мялецiй
Сматрыцкi (аўтар вядомых твораў "Антыграфi', "Трэнас,
альбо Плач святой усходняй царквы", "Грамматики
славенския правилное синтагма" i iнш.), якi пад
нацiскам жыццёвых абставiн прайшоў складаны шлях
ад прызнання i абароны праваслаўя да яго
адмаўлення. Прадстаўнiком апошняга этапу ў развiццi
палемiчнай лiтаратуры быў Афанасiй Фiлiповiч —
змагар, барацьбiт, непахiсны абаронца
нацыянальных i рэлiгiйных правоў беларускага
народа, аўтар вядомага "Дыярыуша". У
жанравых адносiнах "Дыярыуш" — сiнкрэтычны
твор, якi спалучае рысы i асаблiвасцi публiцыстычна-палемiчнай,
гiсторыка-мемуарнай i дакументальнай лiтаратуры.
У склад яго ўвайшлi дарожныя i тлумачальныя запiскi,
успамiны i дзённiкi, легенды, мiстычныя прывiды i
бачаннi, пасланнi, лiсты, выкрывальныя прамовы,
памфлеты, фiласофскiя трактаты, аўтабiяграфiчны
нарыс, а таксама вершы i нотныя запiсы музыкi да iх.
Са старонак "Дыярыуша" паўстае праўдзiвы
змагар, барацьбiт, ваяўнiчы абаронца роднага краю,
яго святы пакутнiк. Ён выступае супраць пануючых
у дзяржаве каталiцкай i унiяцкай цэркваў, знешняй i
ўнутранай палiтыкi Рэчы Паспалiтай, якая, блаславiўшы
"праклятую унiю", зрабiла ворагамi, сутыкнула
"в князствах, поветах, в местах, в местечках и в
селах селян з селянамн, мешчан з мешчанами,
жолнеров з жолнерами, панов з поддаными, родичов
з детками, духовных з духовными". "Дыярыуш"
з'яўляецца адным з найбольш яркiх i значных помнiкаў
палемiчнай лiтаратуры XVII ст., у якiм праўдзiва
адлюстравалася барацьба беларускага народа за
свае нацыянальныя i рэлiгiйныя правы, звычаi,
традыцыi i культуру. |