Ты нас вярнi з выгнання на
зямлю Айчыны.
Перанясi душу маю адсюль з чужыны,
Да ўзгоркаў тых лясных, да тых лугоў зялёных,
Над сiнiм Нёманам раскiнутых, прымглёных,
Да тых палёў, размаляваных пад блакiтам
Пшанiцай залатой ды серабрыстым жытам.
А. Мiцкевiч
Дзейнасць фiламатаў i фiларэтаў — тайных
студэнцкiх таварыстваў з'яўляецца надзвычай
важнай старонкай у гiсторыi беларускай лiтаратуры
i нацыянальнага адраджэння. Гэта былi таленавiтыя,
рамантычна ўзнёслыя юнакi, бязмерна адданыя
сваёй Айчыне, ахопленыя прагай да асветы.
Таварыства фiламатаў было створана восенню 1817 г.
у Вiленскiм унiверсiтэце па iнiцыятыве студэнтаў
Тамаша Зана i Адама Мiцкевiча. Мэта таварыства —
творчае ўдасканаленне юнакоў, узаемадапамога ў
набыццi i паглыбленнi ведаў, садзейнiчанне
ўсеагульнай "асвеце", вывучэнне гiсторыi
роднага краю, вуснапаэтычнай народнай творчасцi.
На пасяджэннях арганiзацыi слухалiся i
абмяркоўвалiся навуковыя даклады i рэфераты на
самыя разнастайныя тэмы, а таксама ўласныя
мастацкiя творы. Даволi часта фiламаты наладжвалi
маёўкi, розныя святкаваннi (асаблiва днi
нараджэння). Для такiх мерапрыемстваў складалiся
цэлыя сцэнарыi, у якiх выкарыстоўвалiся ўласныя
вершы, народныя песнi, музычныя творы. Асаблiва
папулярнымi на гэтых урачыстасцях былi iмянныя
вiтаннi Яна Чачота, прысвечаныя сябрам-фiламатам i
складзеныя па ўзоры беларускiх народных песень. З
мэтай пашырэння адукацыi народа фiламаты
рыхтавалi да друку падручнiкi, навуковыя
энцыклапедыi, арганiзоўвалi школы. Францiшак
Малеўскi, напрыклад, адкрыў школу для сялян у
Шчорсах на Навагрудчыне. Для ажыццяўлення сваiх
асветнiцкiх задач фiламаты стваралi свае
адгалiнаваннi — больш масавыя арганiзацыi тыпу
Саюза сяброў (браталюбцаў), Таварыства
прамянiстых, Навуковага таварыства, Саюза
маладых адвакатаў, Саюза айчынных натуралiстаў.
Найбольш вядомым i прадстаўнiчым было Таварыства
прамянiстых, асновай дзейнасцi якога была
абвешчаная Тамашам Занам тэорыя прамянiстасцi.
Згодна з ёй, прамянiстым можа быць той, хто
iмкнецца стаць высокамаральным, духоўна багатым
чалавекам, хто выпраменьвае святло i тым самым
уздзейнiчае на iншых, духоўна i маральна
ўдасканальвае iх. У 15 правiлах прамянiстых
адзначалася, што важнейшымi крокамi на шляху да
маральнага ўдасканалення чалавека з'яўляюцца
"прыхiльнасць да айчыннай зямлi", веданне яе
гiсторыi, захаванне традыцый i звычаяў сваiх
бацькоў, iх мовы, гатоўнасць да самаахвярнасцi
дзеля выратавання айчыны i iнш. Масавасць
Таварыства прамянiстых напалохала унiверсiтэцкае
кiраўнiцтва, i ў канцы мая 1820 г. па загадзе рэктара
Сымона Малеўскага яно было распушчана. Замест
прамянiстых фiламаты стварылi тайнае таварыства
фiларэтаў (прыхiльнiкаў маральнай чысцiнi).
Таварыства фiларэтаў, старшынёй якога з'яўляўся
Тамаш Зан, мела 4 аддзелы (адпаведна факультэтам
унiверсiтэта): матэматычна-фiзiчны, юрыдычны,
лiтаратурны, медыцынскi. Сваёй мэтай аб'яднанне
лiчыла не толькi маральнае ўдасканаленне
чалавека, але i вырашэнне разнастайных
культурна-асветнiцкiх i палiтычных задач. У 1823 г.
дзейнасць фiламатаў i фiларэтаў была выкрыта.
Доўгiя месяцы iшло следства. Прысуд быў жорсткi: 10
фiламатаў i 10 фiларэтаў, сярод якiх Тамаш Зан, Ян
Чачот, Адам Мiцкевiч, Юзаф Яжоўскi, Францiшак
Малеўскi, Адам Сузiн, Мiкалай Казлоўскi, Ян Крынiцкi,
былi высланы з Лiтвы ў аддаленыя губернi Расii.
Тамашу Зану, Яну Чачоту i Адаму Сузiну ў дадатак
было прысуджана зняволенне ў крэпасцi. Над 80
фiламатамi i фiларэтамi быў замацаваны пiльны
палiцэйскi нагляд. Жорстка караючы маладых людзей
за iх вальнадумства, царскi ўрад iмкнуўся
вынiшчыць беларускi нацыянальны дух з перадавой
навучальнай установы. Аднак ён не змог пагасiць
высокiх пачуццяў i шчырых парываў студэнтаў,
скарыць моц i незалежнасць iх духу. Параскiданыя
па свеце, фiламаты i фiларэты засталiся вернымi
сваiм юнацкiм iдэалам, якiя натхнялi iх на
высакародныя дзеi i патрыятычныя ўчынкi,
дапамагалi выстаяць у самых складаных жыццёвых
сiтуацыях, ажыццявiць задуманае. |