Сатырычная камедыя "Брама
неўміручасці" з'яўляецца вялікім дасягненнем
Крапівы-драматурга. У ёй моцна праявілася
сацыяльная пранікнёнасць К. Крапівы, яго ўменне
арыентавацца ў складаных праблемах сучаснасці.
Персанажы п'есы працягваюць галерэю сатырычных
тыпаў, выведзеных у ранейшых п'есах драматурга.
Сатыра ў камедыі скіравана супраць адмоўных з'яў
у грамадскім жыцці — абывацельшчыны і
кар'ерызму. У ёй востра ставяцца пытанні жыцця і
смерці, дабра і зла, сэнсу чалавечага жыцця
наогул, месца чалавека на зямлі. Галоўным героем
камедыі з'яўляецца прафесар Дабрыян. У лабаторыі,
дзе ён працуе, быў адкрыты сакрэт неўміручасці.
Хутка пра адкрыццё веку даведаліся амаль усе.
Дабрыян стаў наваяўленай зоркай, і ў яго
з'явілася шмат сяброў, аб якіх ён раней не
здагадваўся. Цэлую ноч у кватэры прафесара не
змаўкаў тэлефон. Прагнучых сустрэцца з ім не было
магчымасці падлічыць. Раніцай у кватэру
з'яўляецца супрацоўніца Наташа і прапануе сябе ў
вечныя спадарожніцы жыцця. Загадчык базы
Караўкін гарантуе прафесару поўнае матэрыяльнае
забеспячэнне за мандат на неўміручасць для сябе
і ўсёй радні — ад дзевяностагадовай бабкі да
шасцігадовага ўнука. Неўміручымі хочуць быть
штатныя супрацоўнікі Мякішава і актывіст
Сідаровіч, былы аднакурснік Дабрыяна Скараспей.
Амерыканскі карэспандэнт Волдвін прапануе
прафесару заняцца бізнесам і прадаваць за
мільёны долараў ліцэнзіі на неўмірачасць за
мяжу. Жыхарка з падшэфнага калгаса Алена
Максімаўна хадайнічае аб неўміручасці не для
сябе, а для сваёй старой кароўкі. Але ўсе
неўміручымі быць не могуць. І таму на набыццё
неўміручасці ўводзяцца цвёрдыя ліміты.
Кандыдаты павінны мець не толькі добрае здароўе,
але і чыстае сумленне. Жадаючыя неўміручасці
абавязаны прадставіць чыстыя аналізы крыві,
мачы, страўнікавага соку, даведку аб стане
эндакрынных залоз, а таксама характарыстыку з
месца працы. У чарзе на плошчы ідзе гандаль мачою
(як пазней высветліцца, конскай). Каля прыёмнай
Дабрыяна бурліць натоўп. Неўміручасць
раздзяліла бацькоў і дзяцей, мужоў і жонак,
сяброў, каханых. Найвялікшае адкрыццё прынесла
многім крыўду і абразу. На навуковым пасяджэнні
наконт неўміручасці разгараюцца спрэчкі.
Аказваецца, не ўсякі навуковы прагрэс нясе
карысць чалавеку. Якія практычныя вынікі
атрымаюцца з адкрыцця Дабрыяна? Навошта рабіць
неўміручым зло, якога і так нямала на зямлі. А
можа, лепш апраўдаць смерць як неабходную ўмову
вечнага абнаўлення? І калі дыскусія зайшла ў
тупік, навуковы супрацоўнік Наташа прынесла
здохлага пацука, паведаміўшы, што паддоследныя
здыхалі і раней, але яна іх падменьвала жывымі. Ад
такога паведамлення многія прыйшлі ў
разгубленасць, роспач, многія ж радаваліся
такому зыходу справы, як бы гара ў іх з плеч
звалілася. Калі ж спала напружанасць, Наташа
расказала Дабрыяну, што пацук жыве, а такі падман
яе абумоўлены жаданнем выратаваць вучонага ад
націску людзей і даць яму магчымасць прадоўжыць
доследы. "Людзі няхай тым часам падумаюць, што
рабіць з неўміручасцю". Гэта пытанне ставіць
перад чытачамі аўтар з надзеяй, што людзі
здолеюць правільна адказаць на яго. Пад
неўміручасцю К. Крапіва разумеў не фізічнае
існаванне, а добрыя справы, учынкі чалавека.
Пражыць жыццё і пакінуць добрую памяць аб сабе —
значыць застацца неўміручым. |