Адным з
прыцягальных і захапляльных вобразаў паэмы "Новая
зямля" з'яўляецца вобраз дзядзькі Антося.
Дзядзька Антось — увасабленне сілы і таленту
простых людзей з народа. Вызначальнымі яго
рысамі з'яўляюцца бязмежная дабрыня,
спагадлівасць, шчырасць, ветлівасць,
дапытлівасць, лёгкая іронія ў стаўленні да
жыццёвых праяў. Яны раскрываюцца ва ўчынках,
паводзінах героя і нават яго партрэтнай
характарыстыцы:
Ён невысок, не надта ёмак,
Ды карчавіты і няўломак,
А волас мае цёмна-русы,
І зухаўскія яго вусы
У меру доўгі, густаваты,
Угору чуць канцы падняты;
А вочы шэры,невялічкі,
Глядзяць прыветна, як сунічкі,
Але раптоўна і адразу
Не расчытаеш іх выразу:
То смех, то хітрасць з іх бліскае,
То дабрата, але якая!
Антось — камунікабельны, цікаўны да
ўсяго чалавек. Варта прыгадаць ягоныя мімалётныя
знаёмствы з "вакзальным сторажам" са
Стоўбцаў або з Грышкам Верасам з Вільні, які, як і
дзядзька, гатовы дапамагчы незнаёмаму чалавеку ў
бядзе. Асабістае жыццё дзядзькі Антося склалася
не вельмі ўдала: не знайшлося "ні ўдоўкі-любкі,
ні дзяўчыны, каб палучыць дзве палавіны, каб
разам шчасце здабываць і поруч долю падзяляць".
Наста, якую шчыра кахаў, здрадзіла яму і выйшла
замуж за другога. Аднак Антось не замкнуўся ў
сабе, не ачарсцвеў да людзей, не стаў ссохлай
галінай на дрэве жыцця. Наадварот, ён, як ніхто
іншы з герояў паэмы, цікавіцца жыццём ва ўсіх яго
праявах. Больш за тое, ён зрабіўся найлепшым
прыяцелем братавых дзяцей, якія, адчуваючы
дзядзькаву дабрыню, шчырасць і павагу да іх,
цягнуцца да яго з усёй сваёй дзіцячай
непасрэднасцю. Дзядзька Антось для дзяцей — самы
галоўны дарадца, суддзя і настаўнік, які вучыць
іх разумець вялікую, таямнічую і прыгожую кнігу
прыроды. Калі ж Антось часам і спрачаўся з
дзецьмі, то "як роўны з роўнымі трымаўся". Ды
і сама Антосева натура чымсьці яшчэ па-дзіцячы
наіўная і шчырая. Дзядзька Антось ахвярны
чалавек, які ўмее жыць дзеля іншых. Фактычна на
ягоных плячах ляжыць уся братава гаспадарка і
выхаванне дзяцей. Але нават і пробліску
незадаволенасці не выказвае герой твора. Праца
для яго — такая ж натуральная з'ява, як штодзённы
ўзыход сонца. Праца корміць Антося і дае яму сілу
і натхненне. Таму ён "заложна і цярпліва ў
зямлю ўкладваў свае сілы", таму:
Што ні замысліць, то ўсё зробіць,
І так прыгоніць, так аздобіць,
Што і для вока нават міла.
І ўсё выразна гаварыла,
Што ён не толькі гаспадар,
Але й прыроджаны штукар,
Якіх на свеце не так многа.
Антось паўстае перад намі як чалавек
чулай і шырокай душы, які жыве ў міры і згодзе з
людзьмі і прыродай. Калі ён трапляе ў Вільню, то
шумны і мітуслівы горад выклікае ў ім пачуццё
нейкай варожасці, разгубленасці і
бездапаможнасці. Яму, які ні хвіліны ў жыцці не
прасядзеў склаўшы рукі, гарадскі "вэрхал"
здаецца непатрэбным. Яшчэ больш узрастае ў ім
гэта пачуццё пасля знаёмства з бессаромнымі
чыноўнікамі ў зямельным банку. І на чыноўніцкую
пагарду да простага чалавека, хай сабе і ў думках,
ён адказвае панам сваёй пагардай: "Няхай цябе
водзяць сляпога, як водзіш ты за нос другога".
Горад з яго вузкімі і крывымі вулкамі, грукатам,
мітуснёй, адсутнасцю прыветлівых твараў і
пагардаю панства да простага чалавека выклікаў у
дзядзькі Антося моцны выбух злосці. Аднак той жа
Антось, гледзячы на горад з Замкавай гары,
любуецца яго забудовай, але ж найбольш раздоллем
далёкіх палёў, палоскамі нівак. І ў гэтым — уся
вольналюбівая натура Антося: горад, штучнае
ўтварэнне, бянтэжыць яго, бо абмяжоўвае "палёт
думак". Антось жа прывык да "палёў, задумаю
спавітых", дзе адчуваў сябе гаспадаром. І
наўрад ці атрымаўся б вобраз Антося такім жывым і
праўдзівым, калі б герой быў паказаны ў няспыннай
сялянскай працы. Старонкі паэмы, прысвечаныя
дзядзьку Антосю, як і тыя раздзелы, дзе свет
паказваецца ва ўспрыняцці дзяцей, — адны з самых
запамінальных і прачулых. |