Паэма "Сымон-музыка" ў творчасці
Якуба Коласа займае адметнае месца. Яна, як і
многія іншыя творы беларускіх пісьменнікаў ("Курган"
Я. Купалы, "Люцыян Таполя" М. Танка, "Сады
вятроў" Я. Пушчы) прысвечана тэме мастака і
мастацтва. Гэта глыбокі роздум пра лёс мастака і
нацыянальнага мастацтва, праўдзівасць,
бессмяротнасць і непадкупнасць народнага
мастацтва, пра цярністыя шляхі абуджэння
самасвядомасці беларусаў. Сапраўднае мастацтва
павінна быць непарыўна звязана з роднай зямлёй і
народам, з усім багаццем гукаў і фарбаў
навакольнага свету. Ва ўступнай песні да паэмы Я.
Колас засвядчае, што яго твор:
Ад роднае зямлі, ад гоману бароў,
Ад казак вечароў,
Ад песень дудароў,
Ад светлых воблікаў закінутых дзяцей,
Ад шораху начэй,
Ад тысячы ніцей,
З якіх аснована і выткана жыццё
І злучана быццё і небыццё, —
Збіраўся скарб, струменіўся няспынна,
Вясёлкавым ірдзеннем мне спяваў,
І выхаду шукаў
Адбітак родных з'яў
У словах-вобразах, у песнях вольнаплынных.
Галоўным героем твора з'яўляецца музыка-самародак
Сымон, на долю якога выпалі цяжкія жыццёвыя
выпрабаванні. Ад прыроды гэта быў незвычайных
здольнасцей, таленавіты хлапчук, які глыбока
ўспрымаў прыроду, адчуваў яе разнастайныя з'явы і
змены:
У яго быў свет цікавы,
Свае вобразы, жыццё,
І ў душы яго ўсе з'явы
Сваё мелі адбіццё.
Значны ўплыў на развіццё здольнасцей
хлопчыка аказаў дзед Курыла, у якім Сымон адчуў
сябра, дарадцу, даверлівага субяседніка. Пасля
смерці Курылы Сымону засталіся дзедавы скрыпка і
смык. Жыццё ж змянілася карэнным чынам: бацькі
жорстка абышліся з ім за тое, што на статак напалі
ваўкі і парэзалі авечак. Без віны вінаваты Сымон
з болем пакідае бацькоўскі дом, і з гэтага часу
пачынаюцца яго цяжкія вандроўкі па свеце. На
гэтых складаных жыццёвых дарогах Сымон
сустракаецца з рознымі людзьмі (дзедам-жабраком,
карчмаром, князем, Якімам, лёкаем Данілам, Ганнай),
пазнае горкі хлеб жабрака, цяжкую працу найміта і
панскага служкі. Спасцігаючы людзей і навакольны
свет з яго шматлікімі супярэчнасцямі, Сымон не
страціў дапытлівасці і цікавасці да ўсяго, не
расставаўся з музыкай, якая ўносіла ў яго жыццё
радасць, дазваляла выказаць сваё захапленне
прыродай з яе гармоніяй і вечным аднаўленнем,
перадаць разнастайную гаму чалавечых пачуццяў.
Задумваючыся над сваім прызначэннем і роляй
мастацтва ў грамадстве, ён паступова прыходзіць
да філасофскага асэнсавання жыцця. На думку
героя твора, музыка павінна прыносіць людзям
радасць, "палёгку", дапамагаць ім у пошуках
шляхоў да лепшага жыцця, шчасця. І таму ён:
Павандруе ў свет з скрыпуляй,
Песні будзе ён складаць,
Ён людзей дабром атуліць,
Каб палёгку людзям даць.
Паэма "Сымон-музыка" з асаблівай
яскравасцю адлюстравала псіхалагічны стан Я.
Коласа ў першыя паслярэвалюцыйныя гады. Паэт
бачыў, што героем часу стаў не спагадлівы,
міласэрны, разняволены рэвалюцыяй чалавек, а "асоба
з ружжом", якой зброя замяніла амаль усе законы
і маральныя нормы. І таму аўтар як бы выключае
героя паэмы з жыцця: Сымон-музыка засынае
сімвалічным сном на могілках, дзе пахавана Ганна.
У 1923—1924 гг. Я. Колас істотна перапрацаваў паэму.
Разгортванне працэсу беларусізацыі дазволіла
паэту паверыць у адраджэнне роднага краю, яго
мовы і культуры, у магчымасць пабудовы
незалежнай Беларусі. Аўтар паэмы абудзіў Сымона
ад сну і даў яму магчымасць сваім чароўным
граннем вярнуць да жыцця Ганну — жывое
ўвасабленне маці-Беларусі. Гэтым паэт хацеў
паказаць бязмежпыя магчымасці мастацтва.
Звязанае сваімі каранямі з народным жыццём,
мастацтва можа выратаваць чалавека ад самай
цяжкай хваробы, нават вярнуць яму жыццё. |