Беларуская літаратура багата
на таленавітыя творчыя асобы, але нават і сярод
іх індывідуальнасць Кандрата Крапівы вылучаецца
велічна, непаўторна, ярка. Талент сатырыка
асабліва праявіўся ў жанры байкі. Байкі К.
Крапівы — самабытная з'ява ў беларускай
літаратуры. Многія з іх выраслі з народных
прыказак і прымавак, на прыкладзе якіх аўтар
вучыўся выказваць свае думкі вобразна, сцісла,
запамінальна: У чужое проса не сунь носа ("Сука
ў збане"), Баба з калёс — каню лягчэй ("Дзед і
Баба"), Кожны цыган сваю кабылу хваліць ("Пра
Цыгана і кабылу"), Вялікаму каню — вялікі хамут
("Саманадзейны Конь"). Нямала ўласных
афарызмаў пісьменніка ператварыліся ў прыказкі,
прымаўкі, атрымалі агульнанародную вядомасць:
Другі баран — ні "бэ", ні "мя", а любіць
гучнае імя ("Дыпламаваны Баран"), Каб сонца
засланіць — вушэй асліных мала ("Сава, Асёл ды
Сонца"), Як свінню ні кліч, яе заўсёды выдасць
лыч ("Заява"), Бывае іншы раз і з нашым братам,
што галаву заменьваюць мандатам ("Мандат").
Байкі К. Крапівы, "населеныя" мясцовымі
жывёламі і птушкамі (свіннямі, парсюкамі, валамі,
цялятамі, сабакамі, варонамі, совамі, зайцамі),
бічуюць адсталыя людскія звычаі, п'янства,
забабоны, пляткарства, асуджаюць бюракратаў,
раскрадальнікаў народных здабыткаў, падхалімаў.
Падзеі ў байках не алегарычныя, а канкрэтныя. Яны
— з сялянскага жыцця, з вясковага побыту. У байцы
"Дыпламаваны Баран" сатырык расказвае пра
Барана, які быў настолькі дурным, што нават не
пазнаваў сваіх варот. Ганарыўся ж Баран сваім
трывалым лбом:
Такога не страчаў ніколі лба
я:
Калі няма разумніка другога,
Пабіцца каб удвух,
Дык ён разгоніцца ды ў сцену — бух!
У іншага дык выскачыў бы й дух,
А ён — нічога.
Каб лягчэй было ўбачыць Барана
і вылучыць з гурту, на шыю яму прывязалі мету,
жартам назваўшы яе "дыпломам". Баран
настолькі заганарыўся гэтым "дыпломам", што
вырашыў паказаць сваю вучонасць перад Кошкай.
Добра ведаючы абмежаванасць і тупасць Барана,
Кошка растлумачыла, што свой "дыплом" ён
заслужыў "не галавой, а лбом". Крыкуноў,
саманадзейных людзей, прагных да славы, ды "вузкіх
у плячах", высмейвае К. Крапіва ў байцы "Саманадзейны
Конь". У якасці эпіграфа да байкі сатырык
выкарыстаў народную прыказку "Вялікаму каню —
вялікі хамут". Конь, які быў "з сабаку, можа,
так, мо з добрае шчаня", скардзіцца на ўсё сяло,
што хамут "нібы не да яго", патрабуе ад
Гаспадара вялікага хамута. І вось мізэрны Конь
упрогся ў воз, які цягнуў ламавік. Воз жа не
скрануўся з месца, а "пралезлі праз хамут
канёвы персі й ногі, і затрымаўся ён аж ледзь на
жываце". У вобразе Каня ўвасоблены рысы
крыкуноў, людзей з прэтэнзіямі, якім не па
заслугах "веліччу быць хочацца заўсёды".
Маральна-бытавыя праблемы асвятляе К. Крапіва ў
байцы "Махальнік Іваноў". Яна гнеўна
выкрывае падхалімаў і падхалімства. Сюжэт байкі
даволі просты: ваенком, задаволены вынікамі
стральбы сваіх падначаленых, вырашыў успомніць
сваю маладосць і пастраляць. Стрэліў пяць разоў
— і ні адна куля не закранула мішэні. Салдаты ж,
якія сачылі за стральбой, далажылі (прамахалі),
што ўсе кулі трапілі ў цэль. Западозрыўшы падман,
ваенком пайшоў на хітрасць: пачаў страляць
халастымі патронамі. Але і пасля гэтага
махальнік Іваноў далажыў, што "ў цэнтру самую
ўсе пяць загналі зноў". Шэф "пахваліў"
Іванова, назваўшы яго сапраўдным падхалімам.
Высмеяўшы аднаго падхаліма, К. Крапіва паказвае,
што ў падхалімстве вінаваты не толькі асобныя
людзі, але і грамадства ў цэлым. Падзеям
міжнароднага палітычнага жыцця прысвечана байка
"Жаба ў каляіне". Яна пачынаецца лірычнай
замалёўкай летняй працы на сенакосе. "Пагода—
проста нібы дым, у вёсцы ўздым", усе напружана
працуюць, стараючыся за пагодныя дні накасіць і
насушыць як мага больш сена. І толькі Жабе не
працуецца, ад злосці яна не знаходзіць сабе месца
і, паразважаўшы трохі, вырашае перакуліць
нагружаны сенам воз: Вось толькі сяду ў каляіну,
Плячом пад кола таркану І к чорту воз перавярну.
Вялікія патугі Жабы, але мізэрныя рэальныя
магчымасці: "Тут колам — хрась!.. І кроў і гразь...
Пад кола, Жаба, не падлазь". Байкі К. Крапівы,
нацыянальна-самабытныя па характары, былі
народжаны надзённымі патрэбамі часу. Яны з'явіліся
дзейсным сродкам выкрыцця ўсяго таго, што
перашкаджала рухацца наперад. Увабраўшы ў сябе
невычэрпныя багацці жывой народнай мовы,
народнай мудрасці, яны і ў наш час захавалі сваю
дзейсную сілу і моц. |