Сатырычная камедыя "Брама
неўміручасці" з'яўляецца вялікім дасягненнем
Крапівы-драматурга. У ёй моцна праявілася
сацыяльная пранікнёнасць К. Крапівы, яго ўменне
арыентавацца ў складаных праблемах сучаснасці.
Персанажы п'есы працягваюць галерэю сатырычных
тыпаў, выведзеных у ранейшых п'есах драматурга.
Сатыра ў камедыі скіравана супраць адмоўных з'яў
у грамадскім жыцці — абывацельшчыны і кар'ерызму.
У ёй востра ставяцца пытанні жыцця і смерці,
дабра і зла, сэнсу чалавечага жыцця наогул, месца
чалавека на зямлі. Галоўным героем камедыі з'яўляецца
прафесар Дабрыян. У лабаторыі, дзе ён працуе, быў
адкрыты сакрэт неўміручасці. Хутка пра адкрыццё
веку даведаліся амаль усе. Дабрыян стаў
наваяўленай зоркай, і ў яго з'явілася шмат сяброў,
аб якіх ён раней не здагадваўся. Цэлую ноч у
кватэры прафесара не змаўкаў тэлефон. Прагнучых
сустрэцца з ім не было магчымасці падлічыць.
Раніцай у кватэру з'яўляецца супрацоўніца Наташа
і прапануе сябе ў вечныя спадарожніцы жыцця.
Загадчык базы Караўкін гарантуе прафесару
поўнае матэрыяльнае забеспячэнне за мандат на
неўміручасць для сябе і ўсёй радні — ад
дзевяностагадовай бабкі да шасцігадовага ўнука.
Неўміручымі хочуць быть штатныя супрацоўнікі
Мякішава і актывіст Сідаровіч, былы аднакурснік
Дабрыяна Скараспей. Амерыканскі карэспандэнт
Волдвін прапануе прафесару заняцца бізнесам і
прадаваць за мільёны долараў ліцэнзіі на
неўмірачасць за мяжу. Жыхарка з падшэфнага
калгаса Алена Максімаўна хадайнічае аб
неўміручасці не для сябе, а для сваёй старой
кароўкі. Але ўсе неўміручымі быць не могуць. І
таму на набыццё неўміручасці ўводзяцца цвёрдыя
ліміты. Кандыдаты павінны мець не толькі добрае
здароўе, але і чыстае сумленне. Жадаючыя
неўміручасці абавязаны прадставіць чыстыя
аналізы крыві, мачы, страўнікавага соку, даведку
аб стане эндакрынных залоз, а таксама
характарыстыку з месца працы. У чарзе на плошчы
ідзе гандаль мачою (як пазней высветліцца,
конскай). Каля прыёмнай Дабрыяна бурліць натоўп.
Неўміручасць раздзяліла бацькоў і дзяцей, мужоў
і жонак, сяброў, каханых. Найвялікшае адкрыццё
прынесла многім крыўду і абразу. На навуковым
пасяджэнні наконт неўміручасці разгараюцца
спрэчкі. Аказваецца, не ўсякі навуковы прагрэс
нясе карысць чалавеку. Якія практычныя вынікі
атрымаюцца з адкрыцця Дабрыяна? Навошта рабіць
неўміручым зло, якога і так нямала на зямлі. А
можа, лепш апраўдаць смерць як неабходную ўмову
вечнага абнаўлення? І калі дыскусія зайшла ў
тупік, навуковы супрацоўнік Наташа прынесла
здохлага пацука, паведаміўшы, што паддоследныя
здыхалі і раней, але яна іх падменьвала жывымі. Ад
такога паведамлення многія прыйшлі ў
разгубленасць, роспач, многія ж радаваліся
такому зыходу справы, як бы гара ў іх з плеч
звалілася. Калі ж спала напружанасць, Наташа
расказала Дабрыяну, што пацук жыве, а такі падман
яе абумоўлены жаданнем выратаваць вучонага ад
націску людзей і даць яму магчымасць прадоўжыць
доследы. "Людзі няхай тым часам падумаюць, што
рабіць з неўміручасцю". Гэта пытанне ставіць
перад чытачамі аўтар з надзеяй, што людзі
здолеюць правільна адказаць на яго. Пад
неўміручасцю К. Крапіва разумеў не фізічнае
існаванне, а добрыя справы, учынкі чалавека.
Пражыць жыццё і пакінуць добрую памяць аб сабе —
значыць застацца неўміручым. |