Я адплаціў народу,
Чым моц мая магла:
Зваў з путаў на свабоду,
Зваў з цемры да святла.
Я. Купала
Практычна ў кожнага паэта і
пісьменніка ёсць творы, у якіх выяўляюцца іх
погляды на прызначэнне мастака і мастацтва,
выказваюцца думкі пра адказную місію паэта быць
для народа прарокам, званаром, гусляром... Тэма
паэта і паэзіі займае значнае месца і ў творчасці
Янкі Купалы.
У адным з ранніх вершаў "Я не
паэта" Я. Купала з жалем зазначае, што ў
Беларусі, у параўнанні з іншымі краінамі, пакуль
што мала паэтаў, якія б на мове "пагарджанай,
убогай" стваралі праўдзівыя творы аб жыцці
народа:
А беларусы нікога ж не маюць,
Няхай жа хоць будзе Янка Купала.
Быць выразнікам дум і
спадзяванняў народа, змагаром за яго лепшае
будучае — справа нялёгкая. І ў вершы "Я не для
вас..." Я. Купала сцвярджае думку, што сапраўдны
паэт павінен служыць людзям працы, што яго песня,
талент і сэрца павінны належаць "бедным і
загнаным":
Я не для вас, паны, о не,
А я для бедных і загнаных,
Я з імі мучуся ўраўне,
Ў адных закут з імі кайданах...
Догляды Я. Купалы на
прызначэнне паэта і паэзіі выяўляюцца ў вершах
"3 кутка жаданняў", "3 маіх песень", "Не
кляніце мяне" і інш. Сваё пяснярскае прызнанне
паэт бачыць у служэнні бацькаўшчыне, у
праўдзівым паказе народнага жыцця. Грамадзянскі
абавязак паэта — шукаць тыя шляхі-дарогі, якія б
прывялі народ "к яснаму сонцу", "к славе".
У вершы "3 кутка жаданняў" Я. Купала гаворыць,
што ён не жадае гучнай славы. Галоўнае для яго —
быць праўдзівым выразнікам дум мільёнаў
працоўных людзей:
3 цэлым народам гутарку весці,
Сэрца мільёнаў падслухаць біцця —
Гэткай шукаю цэлы век чэсці,
Гэта адно мне падпорай жыцця.
Песню стварыці ясну, як неба,
У кожнай з ёй хаце быць мілым гасцём...
Працягам размовы пра месца
паэта ў жыцці, пра сутнасць сапраўднай паэзіі з'явіліся
вершы "Мая навука", "Трэба нам песень",
"За ўсё". У вершы "Мая навука" Я. Купала
сцвярджае, што жыццё народа ва ўсіх яго праявах
было калыханкай, якая нарадзіла ў паэта самыя
светлыя думкі. Песня паэта ўвабрала ў сябе шум
адвечнага бору, шэпт спелых пшанічных каласоў,
шэлест лісця ўзмежных ігруш і таропкі плюскат
вод... Прызнаным майстрам мастацкага слова, на
думку Я. Купалы, можа стаць толькі той творца, які
ўзгадаваны, успешчаны на нацыянальнай глебе.
Асновай і крыніцай творчасці для сапраўднага
паэта павінны быць створаныя народам духоўныя
каштоўнасці, жыццё людзей, родная мова, прырода.
Толькі ў гэтым выпадку паэт можа стаць уладаром
беларускай песні.
Сваю ўдзячнасць народу за любоў
да паэзіі, "за кут у родным краю, за хлеб-соль
без клапот" выказвае пясняр у вершы "За ўсё".
Ён з'яўляецца своеасаблівай справаздачай паэта
аб дваццацігадовай творчай дзейнасці. Да гэтага
часу яму было прысвоена званне народнага паэта, і
Я. Купала, аглядаючыся на пройдзены шлях, піша,
што свае песні складаў ён і "сярод крыжоў,
магіл", пісаў не раз "крывёй з сваіх грудзей",
заўсёды быў разам з народам, жыў яго думамі і
надзеямі. Былі яго песні невясёлыя, калі бачыў, як
зневажаецца мова беларусаў, топчацца іх годнасць.
Былі і радасныя песні, калі бачыў паэт, што яго
заклікі да лепшай долі, яго праўдзівыя словы былі
пачуты людзьмі.
Такім чынам, тэме паэта і паэзіі
Я. Купала прысвяціў нямала твораў. Прачытаўшы іх,
можна яскрава ўявіць паэта, адданага сына
беларускага народа, тварыць для якога — значыць
жыць для Бацькаўшчыны, быць непадзельна злітым з
ёй, яе болем і радасцю, трывогамі і клопатамі,
буднямі і святамі. |