Янкa Купала раскрыўся як тонкі,
пранікнёны лірык, як майстар паэтычнага эпасу ў
паэмах лірычнага і ліра-эпічнага характару і як
выдатны драматург. Зварот да драматургіі, відаць,
дапамог яму канкрэтызаваць лірычныя пачуцці і
перажыванні, выразней выказаць занепакоенасць
лёсам роднай Беларусі, перадаверыць свае думкі
героям. Паэту ў сваіх творах хацелася быць
доказным, блі-жэйшым да жыццёвых з'яў і фактаў,
што і абумовіла яго мастацкія пошукі ў «самым
складаным родзе літаратуры» (Г. Гегель). А яшчэ
драматургія прываблівала Я. Купалу таму, што, як
піша крытык П. Васючэнка, менавіта ў ёй «збіраецца
ў фокус» усё тое, «што ў паэзіі выглядала
рассеяным». Драматургія дапамагала песняру «канцэнтраваць»
ідэю (у «Тутэйшых» — ідэю нацыянальнай годнасці
беларусаў, у «Раскіданым гняздзе» — ідэю драма-тызму
і складанасці лёсу народа, пазбаўленага зямлі),
асноўныя жыццёвыя канфлікты (супярэчнасці), «узбуйняць»,
«падвышаць» трывогу за «свет цэлы». Звернем
увагу і яшчэ на дзве акалічнасці. Першая
акалічнасць заключаецца ў тым, што драматургія і
паэзія пастаянна пера-плятаюцца,
перакрыжоўваюцца, узаемадапаўняюцца ў Купалавай
спадчыне.
Другая асаблівасць Купалавай
драматургіі заключаецца ў цэласнасці яе
агульнага пафасу і настрою — патрыятычнага,
адраджэнскага.
Напісанню «Тутэйшых»
папярэднічала асэнсаванне Я. Купалам самога
паняцця тутэйшасці. З'яўляючыся трыбунам і
прарокам нацыі, актыўна выступаючы супраць «чужой
апекі» ў 1917—1920 гады, мастак бачыў, у якім
трагедыйным становішчы аказаўся народ калісьці
вольнай краіны, прымушаны хадзіць па сваім
парослым быллём полі пад крумкаценне чорных
груганоў («Груган»), ісці пад звон кайданаў сваім-чужым
шляхам, спяваць чужыя песні, трымаць у руках
чужыя сцягі і мець адзінае права — быць у роднай
старонцы пахаваным пад драўляным крыжам («Беларускія
сыны»). Аднак найбольшым болем пра занядбаны і
пагарджаны народ прасякнуты Купалаў верш «Перад
будучыняй», напісаны 24 студзеня 1922 года і сугучны
з неўзабаве напісанай п'есай. Твор не
перадрукоўваўся дзесяцігоддзямі, замоўчваўся
афіцыйнай крытыкай, бо пярэчыў погляду на
творчасць мастака савецкай пары як пісьменніка-інтэрнацыяналіста,
чалавека, шчыра адданага новай уладзе. Я. Купала ж
выказаў у сваім вершы зусім іншыя думкі і настрой
— глыбокі боль і расчараванне ў сабе і іншых,
жаль з прычыны страты ранейшых набыткаў:
Заціснуты, задушаны, як мышы
Пад жорсткім венікам з усіх бакоў,
Шукаем, як сляпыя, не згубіўшы
Таго свайго, што наша ад вякоў.
................................
Аграбленыя з гонару й кашулі,
3 свайго прытулку выгнаныя вон,
Мы дзякуем, што торбы апранулі
На нас ды з нашых нітак-валакон.
…………………….
Няўжо нас не аб'ясніць розум ясны,
I не пакінем біцца з кута ў кут?
Няўжо кліч вечны будзе ў нас напрасны —
Кліч бураломны: вызваленне з пут?!
Набліжаўся новы час. Адбывалася
пераацэнка ранейшых каштоўнасцей. Паступова
згасала адраджэнне. У 1928 годзе Сталін адмяніў нэп.
Страчваліся ўсе ранейшыя надзеі. А за даляглядам
была змрочная перспектыва — абвінавачванне ў
так званай нацдэмаўшчыне, арышты, ідэалагічны
націск на літаратуру і мастацтва.
Паступова знікала і з творчасці
Я. Купалы балючасць, трагедыйнасць, а з імі — і
гістарызм, дакладнасць адчування часу: трэба
было служыць новым ідэям, каб выжыць. З'явіліся
абстрактна-рытарычныя вершы, асабліва ў 30-я гады,
пасля вядомай спробы самагубства ў 1930-м.
Напісана п'еса «Тутэйшыя» ў 1922
годзе, калі толькі-толькі закончылася
грамадзянская вайна, і ўсё, звязанае з ёй,
заставалася свежым у памяці. Мы ж помнім, што Я.
Купала жыў у Мінску, акупіраваным спачатку
германскімі, затым польскімі войскамі, бачыў яго
вызваленне балыпавікамі на чале з камісарамі А.
Мясніковым і В. Кнорыным, што адмаўлялі нашаму
народу ў праве звацца народам. Тут, у Мінску, ён
рэдагаваў газету «Звон», бачыў на свае вочы, як
прыстасоўваліся да хуткай змены ўлады мяшчане-мінчукі
і як спрабавалі хоць што-небудзь зрабіць для
сваёй краіны свядомыя беларусы-інтэлігенты,
настаўнікі. Сэрца яго разрывалася ад болю-плачу
па роднай старонцы, адчування свайго бяссілля
перад сузіраль-ніцтвам і пасіўнасцю мас. У газеце
«Беларусь» за 28 ліста-пада 1919 года (артыкул «Незалежнасць»)
паэт выразна і адназначна пісаў: «Наша
незалежнасць соллю ўваччу для нашых суседак —
Полынчы і Расіі, бо і адна, і другая хаце-лі б нашу
незалежнасць утапіць у лыжцы вады сваёй... А
Беларусь, як і кожная іншая дзяржава, мае права і
даб'ецца раней ці пазней гэтага права стаць
роўнай і вольнай дзяржавай паміж суседзямі». I як
цяжка было прызнавацца паэту, што не пра
незалежнасць і свабоду марыць абсалютная
большасць патомкаў мяшканцаў колішняга
магутнага Вялікага княства Літоўскага, што
колісь горды і вольны народ ператварыўся ў
прыслужнікаў, рабоў. Апошняя кропка ў п'есе «Тутэйшыя»
— адным з самых арыгінальных Купалавых твораў —
была пастаўлена 31 жніўня 1922 года ў Акопах, на
Лагойшчыне, дзе нядаў-на створаны філіял музея
паэта. Друкавалася п'еса ў часопісе «Полымя» ў 1924
годзе. Пазней, толькі ў кастрычніку 1988 года, у тым
жа часопісе зноў надрукавана, а да гэтага
некалькі дзесяцігоддзяў замоўчвалася, была
запісана ў разрад «нацыяналістычных твораў».
Не менш пакутлівым быў шлях
твора да гледача. Першы спектакль па ёй быў
пастаўлены рускім па нацыя-нальнасці рэжысёрам А.
Паповым (улады пазбавілі яго ўласнага тэатра ў
Маскве і выслалі ў правінцыю) у БДТ-1 у Мінску. У 1926
годзе акадэмік I. Замоцін даў спектаклю высокую
ацэнку, адзначыўшы, што пастаўленыя на сцэне «Тутэйшыя»
ўспрымаюцца лепш, чым пры чытанні. Але афіцыйныя
ўлады адразу адчулі антырускі і антыпольскі
нацыянальна-патрыятычны пафас твора і
забаранілі наступныя спектаклі. А. Папоў быў
вызвалены са сваёй пасады рэжысёра тэатра. Ва
ўмовах сталінскага таталітарызму і нават
хрушчоўскай адлігі, а затым брэжнеўскага застою
п'еса не змагла адрадзіцца. Толькі ў 1974 годзе яе
паспрабавалі ставіць у Магілёўскім абласным
тэатры. Спектакляў прайшло мала. Крытыка дружна
пісала пра «несцэнічнасць» твора. Сапраўднае
сцэнічнае адраджэнне п'есы адбылося ў канцы 80-х
гадоў. Пачалося яно ў тым са-мым былым БДТ-1, што з
гонарам носіць цяпер імя славутага песняра
Беларусі. |