Па творах Янкі
Купалы можна прасачыць яго даўнюю цікавасць да
братняга ўкраінскага народа, да яго гісторыі,
культуры і літаратуры. Ён славіў шчырую дружбу,
якая бярэ пачатак з далёкіх часоў. Паэт добра
ведаў творчасць Тараса Шаўчэнкі, перакладаў на
беларускую мову многія яго вершы і паэмы,
удзельнічаў у рэдагаванні і выданні "Кабзара"
на беларускай мове. У 1939 г., у сувязі са 125-годдзем
Тараса Шаўчэнкі, Янка Купала напісаў паэму "Тарасова
доля". У аснове сюжэта — трагічнае, поўнае
суровых нягод жыццё украінскага песняра.
Нарадзіўся Тарас у цяжкі прыгонны час, калі "зубы
скаліла няволя, хахатала гора". А далей —
бязрадаснае дзяцінства, горкія вандраванні па
свеце, ссылка ў Орскую крэпасць, забарона пісаць
і маляваць, расстанне з каханай Аксанай, цяжкая
хвароба і заўчасная смерць. Аднак Тарас не
паказаны бяздзейснай ахвярай прыгону. Наадварот,
ён —волат духу, чалавек вялікай сілы волі.
Нязломны характар у спалучэнні з выключным
талентам дапамаглі Тарасу не скарыцца перад
жыццёвымі абставінамі, з якіх ён выходзіў годна,
дастойна. Паэт верыў у лепшую будучыню народа,
заклікаў да яе хутчэйшага набліжэння:
Заклікаў да лепшай долі,
Долі і свабоды,
Клікаў шчасце, клікаў сонца
Для свайго народа.
Яго бунтарскія словы выражалі думкі і імкненні
ўсяго ўкраінскага народа, бо
Не танула песня ў моры,
Ў агні не гарэла,
Закаваць не мог у путы
Сатрап азвярэлы.
Праўдзівая песня Тараса Шаўчэнкі знайшла водгук
і разуменне ў сэрцах беларусаў, Бо йшла доля
беларуса
3 доляй украінца
Адналькова — ў поце, ў слёзах,
Церневым гасцінцам.
Расказваючы пра агульны лёс суседскіх
народаў, Я. Купала падкрэслівае і агульнасць
паэтычнага лёсу прадстаўнікоў дзвюх
нацыянальных літаратур: "я таксама нарадзіўся
ў ланцугах пад царам". Дакладныя апісанні
жыцця і дзейнасці Тараса Шаўчэнкі, пранікнёныя
суперажыванні яго лёсу, разважанні аб долі
Кабзара і яго народа, шырокія і ёмістыя
абагульненні надаюць адметнасць паэме, якая
спалучыла ў сабе народна-паэтычныя традыцыі
беларускага і ўкраінскага слова. У творы шырока
выкарыстоўваюцца шматлікія ўвасабленні,
адухаўленні, метафары ("заплакала Ўкраіна",
"гаманіць Дняпро са стэпам", "не танула
песня ў моры"), што збліжае "Тарасову долю"
з паэмай "Бандароўна". Трагічныя абставіны,
у якіх жыў Тарас Шаўчэнка, не перашкодзілі яму
стаць бясстрашным абаронцам народных інтарэсаў,
уладаром чаруючай песні. Такім уяўляўся Я. Купалу
вялікі Кабзар. |