Я
адплаціў народу,
Чым моц мая магла:
Зваў з путаў на свабоду,
Зваў з цемры да святла.
Я. Купала
Практычна ў кожнага паэта і пісьменніка
ёсць творы, у якіх выяўляюцца іх погляды на
прызначэнне мастака і мастацтва, выказваюцца
думкі пра адказную місію паэта быць для народа
прарокам, званаром, гусляром... Тэма паэта і
паэзіі займае значнае месца і ў творчасці Янкі
Купалы. У адным з ранніх вершаў "Я не паэта" Я.
Купала з жалем зазначае, што ў Беларусі, у
параўнанні з іншымі краінамі, пакуль што мала
паэтаў, якія б на мове "пагарджанай, убогай"
стваралі праўдзівыя творы аб жыцці народа:
А беларусы нікога ж не маюць,
Няхай жа хоць будзе Янка Купала.
Быць выразнікам дум і спадзяванняў
народа, змагаром за яго лепшае будучае — справа
нялёгкая. І ў вершы "Я не для вас..." Я. Купала
сцвярджае думку, што сапраўдны паэт павінен
служыць людзям працы, што яго песня, талент і
сэрца павінны належаць "бедным і загнаным":
Я не для вас, паны, о не,
А я для бедных і загнаных,
Я з імі мучуся ўраўне,
Ў адных закут з імі кайданах...
Догляды Я. Купалы на прызначэнне паэта і
паэзіі выяўляюцца ў вершах "3 кутка жаданняў",
"3 маіх песень", "Не кляніце мяне" і інш.
Сваё пяснярскае прызнанне паэт бачыць у служэнні
бацькаўшчыне, у праўдзівым паказе народнага
жыцця. Грамадзянскі абавязак паэта — шукаць тыя
шляхі-дарогі, якія б прывялі народ "к яснаму
сонцу", "к славе". У вершы "3 кутка
жаданняў" Я. Купала гаворыць, што ён не жадае
гучнай славы. Галоўнае для яго — быць праўдзівым
выразнікам дум мільёнаў працоўных людзей:
3 цэлым народам гутарку весці,
Сэрца мільёнаў падслухаць біцця —
Гэткай шукаю цэлы век чэсці,
Гэта адно мне падпорай жыцця.
Песню стварыці ясну, як неба,
У кожнай з ёй хаце быць мілым гасцём...
Працягам размовы пра месца паэта ў жыцці,
пра сутнасць сапраўднай паэзіі з'явіліся вершы
"Мая навука", "Трэба нам песень", "За
ўсё". У вершы "Мая навука" Я. Купала
сцвярджае, што жыццё народа ва ўсіх яго праявах
было калыханкай, якая нарадзіла ў паэта самыя
светлыя думкі. Песня паэта ўвабрала ў сябе шум
адвечнага бору, шэпт спелых пшанічных каласоў,
шэлест лісця ўзмежных ігруш і таропкі плюскат
вод... Прызнаным майстрам мастацкага слова, на
думку Я. Купалы, можа стаць толькі той творца, які
ўзгадаваны, успешчаны на нацыянальнай глебе.
Асновай і крыніцай творчасці для сапраўднага
паэта павінны быць створаныя народам духоўныя
каштоўнасці, жыццё людзей, родная мова, прырода.
Толькі ў гэтым выпадку паэт можа стаць уладаром
беларускай песні. Сваю ўдзячнасць народу за
любоў да паэзіі, "за кут у родным краю, за хлеб-соль
без клапот" выказвае пясняр у вершы "За ўсё".
Ён з'яўляецца своеасаблівай справаздачай паэта
аб дваццацігадовай творчай дзейнасці. Да гэтага
часу яму было прысвоена званне народнага паэта, і
Я. Купала, аглядаючыся на пройдзены шлях, піша,
што свае песні складаў ён і "сярод крыжоў,
магіл", пісаў не раз "крывёй з сваіх грудзей",
заўсёды быў разам з народам, жыў яго думамі і
надзеямі. Былі яго песні невясёлыя, калі бачыў, як
зневажаецца мова беларусаў, топчацца іх годнасць.
Былі і радасныя песні, калі бачыў паэт, што яго
заклікі да лепшай долі, яго праўдзівыя словы былі
пачуты людзьмі. Такім чынам, тэме паэта і паэзіі Я.
Купала прысвяціў нямала твораў. Прачытаўшы іх,
можна яскрава ўявіць паэта, адданага сына
беларускага народа, тварыць для якога — значыць
жыць для Бацькаўшчыны, быць непадзельна злітым з
ёй, яе болем і радасцю, трывогамі і клопатамі,
буднямі і святамі. |