На долю п'есы В. Дунiна-Марцiнкевiча
"Iдылiя" (другая назва — "Сялянка") выпаў
шчаслiвы лёс. Напiсаная ў 1846 г., яна i ў нашы днi з
поспехам ставiцца на сцэнах многiх тэатраў,
карыстаецца папулярнасцю ў гледачоў. Сам аўтар,
якi быў душою аматарскага калектыву i ўдзельнiчаў
у многiх яго пастаноўках, з сiмпатыяй адносiўся да
герояў "Iдылii". Менавiта ў гэтым спектаклi ён
блiскуча выконваў ролю селянiна Навума —
самабытнага, яркага i таленавiтага чалавека,
захавальнiка духоўных традыцый. Гэта роля
прынесла В. Дунiну-Марцiнкевiчу вядомасць i
папулярнасць i як акцёру, i як пiсьменнiку. Пазней iмя
i прозвiшча любiмага вобраза сталi лiтаратурным
псеўданiмам аўтара. У аснове сюжэта п'есы —
актуальная для таго часу праблема ўзаемаадносiн
селянiна i пана. Падзеi адбываюцца ў маёнтку
Кароля Лятальскага — легкадумнага маладога пана,
якi большую частку часу праводзiць у забавах,
прыемных вандроўках, "лётаючы" па свеце.
Вярнуўшыся з Францыi ў свой спадчынны маёнтак,
Лятальскi з жахам думае аб тым, як можна жыць у
гэтым нецывiлiзаваным краi сярод мужыкоў. У хуткiм
часе ён сустрэўся з "прыгоннай сялянкай" Юлiяй
i закахаўся ў яе. Пад уплывам сустрэч з Юлiяй i яе
бацькам герой п'есы па-iншаму пачынае глядзець на
прыгонных сялян, лiчачы, што ў iх добрыя сэрцы i што
яны здольныя на высокiя пачуццi i высакародныя
ўчынкi. Лятальскi прапануе дзяўчыне руку i сэрца,
клянецца быць клапатлiвым бацькам для сялян. "Хачу
iх любiць, i каб яны мяне любiлi...", — усклiкае ён.
У канцы п'есы высвятляецца, што Юлiя —
пераапранутая паненка, якая сваiмi дзеяннямi
вырашыла змянiць погляды Лятальскага на сялян i
свой край. П'еса заканчваецца сцэнай заручын
маладых людзей. В. Дунiн-Марцiнкевiч, такiм чынам,
паказвае перараджэнне памешчыка-франкамана ў
гуманнага, добразычлiвага пана, якi ўжо не прагне
паездкi за мяжу, а хоча жыць на ўлоннi прыроды
сярод сялян. На фоне любоўнай iдылii Лятальскага i
Юлii В. Дунiн-Марцiнкевiч змог разгарнуць шырокую
карцiну жыцця ў прыгоннай вёсцы, стварыць
каларытныя, самабытныя i праўдзiвыя характары
прадстаўнiкоў народа. Сапраўдным героем твора
стаў Навум Прыгаворка — чалавек разумны, кемлiвы,
дасцiпны. Ён выразна ўсведамляе сваё
паднявольнае становiшча, але пры гэтым ведае сабе
цану i не губляе пачуцця ўласнай годнасцi. У творы
шырока выкарыстоўваюцца народныя песнi, прыказкi,
прымаўкi i фразеалагiзмы: Да бога высока, да пана
далёка. Ад лiха — цiха, а дабра не чуваць. Цягаў
воўк, пацяглi воўка. Ранняя птушка крылкi цярэбiць,
а позняя — вочы працiрае. Абяцанка цацанка, а
дурному радасць. Хто каго любiць, той таго чубiць. I
сцены маюць вушы. Што напiшаш пярцом, то не вырубiш
тапарцом. Пiй, ды розуму не прапiй. Укладзеныя ў
вусны Навума, гэтыя выслоўi не толькi вызначаюць
сцiсласць, лаканiчнасць, вобразнасць i
каларытнасць сялянскай мовы, але i набываюць
сацыяльнае гучанне: простаму чалавеку цяжка
жывецца, яго многiя крыўдзяць; пiць гарэлку трэба
з розумам; грошы ў жыццi адыгрываюць не апошнюю
ролю i iнш. Вобразам Навума аўтар адстойваў права
на паказ у лiтаратуры ў якасцi галоўнага героя
селянiна i тым самым змагаўся за дэмакратычную,
народную лiтаратурў. У п'есе "Iдылiя", якая
спалучае ў сабе рэалiстычныя i iдэалiстычныя рысы,
па-майстэрску дасканала вымалеваны вобразы
сялян i паноў. Распрацоўка вобразаў сялян (яны, у
адрозненне ад паноў, размаўляюць па-беларуску)
шмат у чым прадвызначыла далейшае паглыбленне пiсьменнiка
ў беларускi матэрыял. |