Жаночы вобраз у беларускай
літаратуры мае адносна невялікую гісторыю.
Стварэнне паўнавартаснага жаночага вобраза
звычайна звязваецца з літаратурай навейшага
часу і асабліва тым перыядам яе развіцця, які
прынята вызначаць як перыяд станаўлення
беларускага рамана. Вялікая роля ў гэтым
належыць Івану Мележу, які ў сваёй "Палескай
хроніцы" стварыў запамінальны вобраз Ганны
Чарнушкі. Галоўная заслуга аўтара заключаецца ў
тым, што вясковая дзяўчына паўстае перад намі не
як нейкі этнаграфічна-лубачны ўзор беларускай
сялянкі, а як жывы, рухомы характар. На месца
жанчыны-калгасніцы, жанчыны-змагаркі (чым
грашыла наша літаратура да I. Мележа) прыходзіць
жанчына-маці, якая прагне чалавечага кахання і
любові. І таму твор I. Мележа, які адлюстроўвае
жанчыну ў яе прыроднай сутнасці, мае такі вялікі
поспех. Ганна славілася на ўсё наваколле сваёй
гарэзлівасцю і прыгажосцю. I. Мележ параўноўвае
яе з рабінай: "I неспадзявана адбылося
незвычайнае: ціхая, нявідная, у жнівеньскім
росквіце рабіна заружавела, зазырчэла яркім,
кідкім хараством, гарачым полымем агністых
гронак. І не адны вочы, не абыякавыя, не
ачарсцвелыя ў жыццёвык пакутах да хараства,
глядзелі здзіўлена, зачаравана: "Глядзі ты!.."
Як тая рабіна, цвіла ў гэтае лета Ганна".
Прырода адарыла Ганну не толькі знешняй, бачнай
кожнаму прыгажосцю, але і духоўным хараством,
якое можа адкрыцца толькі блізкаму, роднаснаму
чалавеку. І таму пошук гэтай роднасці душ складае
асноўны напрамак яе духоўнага развіцця. У сваіх
учынках Ганна не кіруецца карыслівасцю,
прагматычнымі мэтамі. Яна жыве сэрцам і
пазбаўлена халоднага разліку. На старонках твора
Ганна часта паказваецца ў такіх сітуацыях, дзе
выяўляюцца гэтыя рысы яе характару. Яна жыве па
прынцыпе: "Ніколі не рабіце іншым таго, чаго не
хацелі б вы, каб вам рабілі іншыя". Таму яе
здольнасць чуйна адклікацца на чужы боль,
падтрымліваць у цяжкую хвіліну іншых
успрымаецца намі не як штосьці штучнае,
напускное, а як глыбінная сутнасць характару
гераіні. Магчыма, не апошнюю ролю ў гэтым
адыграла яе звыкласць з маленства да цяжкай
сялянскай працы, дзе ёй не было роўных. Нездарма ж
яшчэ Эпікур сцвярджаў, шта чалавек працы мае
самую чыстую душу. І ў рамане Ганну мы бачым у
асноўным за працай: на сенажаці, у полі з сярпом у
руках, кала малатарні у Карчоў, у ягадах, на копцы
бульбы, у клопатах па гаспадарцы. Найбольш жа
яскрава раскрываецца душэўная прыгажосць Ганны
ў адносінах да Васіля, якога пакахала яна
пяшчотна, шчыра і самааддана. Яна марыць аб
простым чалавечым шчасці — кахаць і быць каханай.
Але гэтыя высокія пачуцці разбіваюцца аб
халоднае каменне рэчаіснасці. Першае каханне,
трапяткое, нясмелае і ў нечым сляпое (а таму і
шчырае) пачуццё, з самага пачатку абразіў той, на
каго яно было скіравана, — Васіль. Паверыўшы
чужым языкам, а не каханай дзяўчыне, ен растаптаў
усё тое светлае і прыгожае, што існавала паміж
імі. І Ганна ў хвіліну нясцерпнай абразы і
пякучага болю прымае рашэнне звязаць свой
далейшы лёс з Яўхімам. Ганна — дачка свайго часу,
і ў гэты трагічны момант яна кіруецца не голасам
сэрца, а спрадвечна сялянскім "сцерпіцца —
злюбіцца". Пераадоленне гэтага разрыву паміж
марай і явай стварае асноўны накірунак далейшых
духоўных пошукаў гераіні. Чым даўжэй яна жяве ў
сям'і Глушакоў, тым большыя памеры набывае гэты
разрыў і тым глыбей, выразней разумее Ганна ўсю
жахлівасць свайго становішча — становішча жонкі-рабыні,
якая павінна толькі працаваць ад усходу да
захаду сонца, дагаджаць мужу, нараджаць дзяцей і
цярпліва зносіць усе здзекі і абразы. Глухія
Глушакі да ўсяго, што не тычыцца іхняй прагі да
ўзбагачэння. Стары Глушак прымушае Ганну ехаць
на сенакос разам з Верачкай, дзе тая захварэла і
неўзабаве памерла. "Бог даў — бог узяў", —
вось рэакцыя Глушакоў на смерць дзіцяці.
Безумоўна, гэты жахлівы выпадак не мог не
прывесці Ганну да душэўнага зрыву, надлому. Яна
не можа больш жыць побач з такімі "сваякамі",
нялюбым мужам. Рэчаіснасць адпомсціла Ганне за
здраду светлым марам. Але жыццё не скончана, яно
працягваецца, узыходзячы ва новую ступень
развіцця. Ганна пакідае сям'ю Глушакоў і ідзе
працаваць у школу (да настаўніцы Параскі), якая
становіцца часовым прыстанішчам на яе далейшым
жыццёвым шляху. Лёс Ганны склаўся нялёгка. Надзеі
на вяртанне былога кахання не апраўдаліся (Васіль
застаўся з зямлёй), зварот у бацькоўскую хату
душэўнага спакою не прынёс, пасля сустрэч з
Башлыковым засталіся прыкрасць і горкая агіда...
Вобраз Ганны можна лічыць першым паўнавартасным
жаночым вобразам у нашай літаратуры. Заслуга I.
Мележа ў тым, што ён на першае месца вылучае
духоўны свет жанчыны ва ўсіх складанасцях яго
развіцця: ад радасцей першага кахання да
жорсткіх рэалій рэчаіснасці. |