Аповесць I. Шамякіна "Ахвяры", як і
многія творы пісьменніка, прысвечана падзеям
Вялікай Айчыннай вайны. У ёй аўтар уздымае новую
для беларускай літаратуры праблему, якая доўгі
час замоўчвалася ці. няправільна ацэньвалася. У
цэнтры ўвагі пісьменніка — дзейнасць Мінскага
падпольнага і партызанскага руху, а таксама
складаныя ўмовы ўзаемадзеяння падпольнага
кіраўніцтва з прадстаўнікамі НКУС, засланымі
быццам бы для карэкціроўкі сумесных дзеянняў
арганізацый. Падзеі адбываюцца ў адным з
партызанскіх атрадаў, які ўзначальвае Аляксей
Іванавіч Ман. Паміж камандзірам атрада,
начальнікам штаба Навумам Брагінскім і
камісарам Ігарам Кіпенем складваюцца адносіны
ўзаемаразумення, узаемавыручкі, што, безумоўна,
дапамагала ў агульнай барацьбе з акупантамі.
Няма ніякага недаверу і недагаворвання паміж
героямі твора, хаця Брагінскі — былы капітан-акружэнец,
а Ман — былы "вораг" народа, які зведаў на
сабе ўсе жахі допытаў у засценках НКУС. У жыццё
партызанскага атрада ўмешваецца прадстаўнік
спецгрупы НКУС Золатаў Якаў Міхайлавіч, закінуты
ў тыл ворага для кантролю над дзейнасцю
партызанаў і падпольшчыкаў. Усю сваю кіпучую
дзейнасць ён будуе на недаверы, падазронасці,
збіранні кампраматаў, падаўленні волі чалавека,
на шантажах, правакацыях, грубай фізічнай сіле.
Прымітыўна разумеючы задачы барацьбы з ворагам,
Золатаў спрабуе ўзяць у свае рукі кіраўніцтва
атрадам. На шчасце, гэтага не атрымалася, бо людзі
больш давяраюць Ману. Прыслужнік сталінскай
машыны, Золатаў любой цаной хоча выслужыцца
перад кіраўніцтвам. І таму ён лёгка прыняў за
праўду варожыя выдумкі аб тым, што падполле
арганізавалі самі немцы ў правакацыйных мэтах, і
паслаў у Маскву радыёграму. Шкода, якую нарабілі
гэтыя дзеянні, сёння агульнавядомая. Па загадзе П.
К. Панамарэнкі ўсім аб'яднанням і групам было
забаронена ўступаць у якія-небудзь сувязі з
мінскімі арганізацыямі, што, па сутнасці,
паралізавала іх дзейнасць, прымусіла змагацца
без скаардынаванасці, паасобку. У такіх умовах
Золатаў стаў асабліва "пільным". Ён з'яўляецца
віноўнікам гібелі смелага і адважнага юнака,
кіраўніка падпольнай групы Стася Шабовіча,
многіх няшчасцяў у атрадзе. У канцы твора I.
Шамякін паказвае маральны крах Золатава. Ён
трапляе ў рукі фашыстаў, пачынае спраўна служыць
ім. Для такіх людзей усё роўна, каму і як
прыслужваць, бо для ўласнага выжывання і
дабрабыту яны гатовы ахвяраваць усім святым у
жыцці. |