Міхась Зарэцкі адносіцца да ліку той
вялікай плеяды беларускіх пісьменнікаў, чыя
творчасць доўгія гады знаходзілася пад
забаронай або папросту замоўчвалася. І хоць
асобныя творы друкаваліся і ў савецкі час,
большасць з таго, што складае стрыжань творчай
манеры пісьменніка, не было вядома шырокаму колу
чытачоў. А між тым пяру Зарэцкага належаць такія
выдатныя аповесці і раманы, як "Голы звер",
"Вязьмо", "Сцежкі-дарожкі", незакончаны
раман "Крывічы". Росквіт таленту празаіка
прыйшоўся на часы так званай беларусізацыі і
пачатку сталінскага тэрору. Дзве згаданыя
акалічнасці не маглі, безумоўна ж, не паўплываць
на тэматыку і дух яго твораў. Аповесць "Голы
звер" з'яўляецца спробай стварэння
псіхалагічнага твора. У ёй расказваецца пра
гісторыю ўзаемаадносін дзяўчыны Лідачкі з
пыхлівым, эгаістычным, подлым маладым чалавекам
— Віктарам Яроцкім. Для яго, як вынікае з
далейшага разгортвання падзей, не існуе нічога
святога ў жыцці: ён уладкоўваецца на працу ў
якасці памочніка бухгалтара, якога ўводзіць у
зман абяцаннямі багатага і бесклапотнага жыцця,
а потым ускладвае на яго адказнасць за
фінансавыя махінацыі. Лідачка, якая шчыра
пакахала Яроцкага, не задумваецца, адкуль ён можа
мець столькі грошай. Віктар жа, абяцаючы Лідачцы
ажаніцца з ёю, на самой справе хоча толькі
пазабавіцца, рэалізаваць свае юрлівыя жаданні.
Ён прыводзіць Лідачку ў прытон, дамагаецца
свайго і выкідвае бедную дзяўчыну, як
непатрэбную анучу. Пасля гэтага выпадку ў
Лідачкі адкрываюцца вочы на тое, хто ж такі
Яроцкі насамрэч. Апісанні вострых душэўных
перажыванняў дзяўчыны і ўнутраныя маналогі
Яроцкага з'яўляюцца самымі запамінальнымі
старонкамі аповесці. Адным з першых беларускіх
раманаў, прысвечаных тэме калектывізацыі,
справядліва лічыцца раман М. Зарэцкага "Вязьмо".
Гэты раман па сваёй сацыяльнай завостранасці
пераўзыходзіць усе творы пра калектывізацыю,
якія друкаваліся па-беларуску ў даваенны час. М.
Мушынскі нават лічыць, што ў рамане "праведзена
ідэя немэтазгоднасці суцэльнай калектывізацыі".
Аднак гэтая ідэя праводзіцца ў рамане ў скрытай,
завуаляванай форме. Неабходна адзначыць, што,
ствараючы свой раман на пачатку 30-х гадоў, М.
Зарэцкі ўжо бачыў сацыяльна-палітычныя і
эканамічныя вынікі калектывізацыі. Таму ён
паказвае сапраўдную сутнасць падзей, па-мастацку
адкрыта выказвае сваё стаўленне да іх: паказвае,
як руйнуюцца лёсы людзей ва ўгоду палітычным
інтарэсам, як духоўна нявечацца людзі,
ператвараючіхіся ў ахвяр штучна створанай
атмасферы страху, падазронасці і варожасці. У
першай частцы рамана паказана беларуская вёска
пярэдадня калектывізацыі, чытач знаёміцца амаль
з усімі героямі, у тым ліку і з Сымонам Карызнам,
якога сумненні наконт правільнасці эканамічнай
палітыкі партыі даводзяць да дэпрэсіі. У другой
частцы распавядаецца аб спробах стварэння ў
Сівалапах з беднякоў і сераднякоў калгаса, які
павінен засведчыць перавагі новага ладу
гаспадарання. Сымону Карызну ўдаецца дамагчыся
разбурэння гэтага калгаса і пераводу старшыні
Зеленюка ў другую гаспадарку. Трэцяя частка
распавядае аб выніках прымусовай калектывізацыі
для сялян і для асабістага лёсу Сымона Карызны.
Праз лёс галоўнага героя аўтар ставіць і вырашае
праблему ўзаемаадносін дзяржавы і асобы. Вязьмо
— гэта вынік адсутнасці свабоды дзеянняў, выбару,
немагчымасць рэалізацыі сваіх ідэй. Адным з
самых цікавых твораў М. Зарэцкага з'яўляецца
раман "Сцежкі-дарожкі". Храналагічна ён
ахоплівае Лютаўскую рэвалюцыю, грамадзянскую
вайну і барацьбу з бандытызмам. Галоўную ўвагу
чытача прыцягвае група выдуманых персанажаў —
Васіль Лясніцкі, яго сябра Андрэй, анархіст
Халіма, Андрэева сястра Ніна і панская дачка-прыгажуня
Раіса. Многія з герояў твора моцна
рамантызаваныя, вызначаюцца ўнутранай
супярэчлівасцю. Свой твор М. Зарэцкі ствараў у
той час, калі з'яўляўся шчырым прыхільнікам
афіцыйнай ідэалогіі. І таму не дзіўна, што ў
выніку сваіх пакутлівых пошукаў галоўны герой
твора Васіль Лясніцкі прыходзіць да высновы аб
неабходніасці падпарадкавання "дружнай
грамадзе, вялікаму калектыву". "Яшчэ больш
заканамерным у рэчышчы тагачаснай афіцыйнай
прапаганды выглядае аўтарскае вырашэнне
ўзаемаадносін паміж Васілём і паненкай Раісай:
аўтар усімі магчымымі сродкамі аддаляе іх
збліжэнне (Раіса палае страсцю да ўласнага
дзядзькі, і яна мае венерычную хваробу), каб
абгрунтаваць тэзіс пра выраджэнне паноў як класа.
Раман пабудаваны так, што ўсе сюжэтныя лініі
завязваюцца вакол вобраза Лясніцкага, праз
узаемадзеянне з іншымі героямі твора
высвечваюцца розныя аспекты яго характару. Сваёй
стылёвай адметнасцю, канфліктнасцю і дынамізмам
дзеяння раман выгадна адрозніваецца ад многіх
твораў тае эпохі. Напрыканцы неабходна адзначыць,
што з-за палітычных рэпрэсій М. Зарэцкі не змог
завяршыць шэраг сваіх цікавых задумак.
Сведчаннем таму з'яўляецца незавершаны раман "Крывічы",
які меўся быць вытрыманы ў здаровым нацыянальным
духу. Але творчым планам пісьменніка не суджана
было збыцца. Тым не менш, тое, што захавалася,
сведчыць аб высокім майстэрстве Зарэцкага-празаіка,
аб яго непаўторнай манеры пісьма, аб імкненні да
стварэння высокапсіхалагічнага беларускага
рамана. Амаль ва ўсіх творах яму ўдалося
пазбегнуць заангажаванасці і палітыканства,
праўдзіва адлюстраваць складаны і супярэчлівы
твар эпохі. |